Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 07 Лістапад 2017 15:45

На базе тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс» адкрыецца вучэбная аўдыторыя філіяла кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы

7146 1Адкрыццё вучэбнай аўдыторыі - вынік сістэмнага супрацоўніцтва кафедры журналістыкі і тэлерадыёвяшчальнага канала і чарговы этап у практыка-арыентаваным навучанні будучых журналістаў.

Філіял кафедры на базе тэлеканала дзейнічае з мая гэтага года. 10 лістапада бакі адкрыюць вучэбную аўдыторыю. Так, тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс», па сутнасці, стане вучэбнай базай факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Плануецца, што ў аўдыторыі будуць праводзіцца лекцыйныя заняткі і трэнінгі. Атрыманыя веды і практычныя навыкі студэнты змогуць выкарыстоўваць у працы ў рэдакцыях тэлебачання «Гродна Плюс», радыё MFM 105.0 і часопіса «Гродна». Прычым на заняткі выкладчыкі ўніверсітэта могуць запрашаць супрацоўнікаў прадпрыемства - журналістаў, аператараў, інжынераў мантажу і работнікаў рэкламнай службы. Гэта першая спроба падобнай працы. Пабудаваная яна па прынцыпе навучання студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта, калі кафедры знаходзяцца непасрэдна ў лячэбных установах.

Універсітэт і прадпрыемства бачаць сваёй задачай не толькі падрыхтоўку прафесійных кадраў, але і развіццё масавай медыяадукацыі і медыякультуры сярод моладзі. Так, адным з наступных этапаў супрацоўніцтва стане правядзенне на базе філіяла кафедры ў ТРВК «Гродна Плюс» летняга лагера для школьнікаў 7-9 класаў.

Адзначым, што супрацоўніцтва «Гродна Плюс» і кафедры журналістыкі пачалося з моманту заснавання канала - у 2008 годзе. Яго першымі работнікамі сталі менавіта выпускнікі ўніверсітэта. Дарэчы, аснову творчага калектыву па-ранейшаму складаюць спецыялісты, якія атрымалі адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. У рамках канцэпцыі практыка-арыентаванай адукацыі ўзаемадзеянне ўніверсітэта і заказчыка кадраў рэалізуецца ў розных формах: праходжанне вучэбнай і вытворчай практыкі студэнтамі ўсіх курсаў, правядзенне вучэбных заняткаў і майстар-класаў вядучымі супрацоўнікамі прадпрыемства, выкананне дыпломных работ па заяўках тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс», сумеснае правядзенне медыяфестывалей і медыяалімпіяд для школьнікаў і навучэнцаў каледжаў.

Даведка

Кафедра журналістыкі была створана ў маі 2008 года. За час функцыянавання кафедры яе супрацоўнікі падрыхтавалі 180 спецыялістаў - журналістаў для прэсы, радыё, тэлебачання, вэб-індустрыі, спецыялістаў па інфармацыі і камунікацыі.

Тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс» пачаў сваё вяшчанне ў 2008 годзе. У 2012 годзе на базе прадпрыемства адкрылася радыёстанцыя, а ў 2016 - стартавала выданне часопіса пра горад Гродна. З 6 жніўня 2016 года тэлеканал «Гродна Плюс» першым у краіне пачаў вяшчаць у HD-фармаце.