Ацэньвалі сумесную працу купалаўцаў члены дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі. Таксама на абарону дыпломнага праекта былі запрошаны прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко, дэкан факультэта Аляксандр Нечухрын, прадстаўнікі вучэбна-метадычнага кіравання і Цэнтра па сувязях з грамадскасцю, навуковыя кіраўнікі рабят.
Аўтарамі і стваральнікамі праекта з'яўляюцца студэнты спецыяльнасці «Гісторыя (айчынная і ўсеагульная)» Зміцер Станкевіч, Мікіта Каранкевіч, Ганна Шульская і студэнтка спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Дар'я Гаўрыльчук. Сутнасць іх ідэі - арганізаваць турыстычнае падарожжа па Беларусі ў абноўленым, цікавым і прывабным для моладзі фармаце 2.0. Ён мяркуе знаёмства са знакавымі аб'ектамі культурна-гістарычнай спадчыны краіны праз выкарыстанне культурна-пазнавальнага і інтэрактыўнага складнікаў. Праект разлічаны на школьнікаў, якім трэба будзе здаваць экзамен альбо цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі, а таксама на студэнтаў малодшых курсаў, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю.
Для рэалізацыі сваёй задумкі студэнты выбралі Смаргонскі раён. Зрабілі гэта па дзвюх прычынах. Па-першае, менавіта тут сканцэнтраваны помнікі агульнаеўрапейскага значэння: Крэўскі замак, касцёл Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, музей-сядзіба Міхаіла Клеафаса Агінскага ў Залессі і музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах. Па-другое, усе гэтыя аб'екты належаць да розных гістарычных эпох, але звязаны ў маршруце ідэяй адлюстравання пераемнасці гісторыі, паслядоўнасці развіцця інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу нашых продкаў, што дазваляе ажыццявіць цікавую экскурсію па Беларусі ў часе і прасторы.
Юнакі распрацавалі сам турыстычны маршрут, стварылі рэкламныя ўлёткі, пазнавальны раздатачны матэрыял у выглядзе рэзюмэ гістарычных персон, іх кантактаў і іншыя буклеты, якія могуць быць карысныя і цікавыя ўдзельнікам тура. На кожным з гістарычных аб'ектаў іх чакае не проста займальная экскурсія, але і квэсты, гульні, імправізацыі, якія дапамогуць разнастаіць знаёмства з гісторыяй і замацаваць атрыманыя веды.
Праект з'яўляецца міждысцыплінарным таму, што ў ім задзейнічаны сілы студэнтаў розных спецыяльнасцяў аднаго факультэта. Так, аналізам навуковых даследаванняў займаліся студэнты-гісторыкі, распрацоўкай інтэрактыўнай і забаўляльнай часткі - будучыя спецыялісты па сувязях з грамадскасцю і журналісты, правядзеннем сацыялагічных даследаванняў па запатрабаванасці маршруту - студэнты спецыяльнасці "Сацыялогія", распрацоўкай тэхналагічных карт - студэнты спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць», перакладам архіўных дакументаў - студэнты спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі».
У планах у аўтараў і стваральнікаў - не проста ўвасобіць у жыццё свой праект, але і перадаць яго, як яны кажуць, у надзейныя рукі. Выпускнікі ўжо зрабілі прапановы некалькім турыстычным фірмам, у тым ліку і рэгіянальнаму цэнтру турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. Адзначаючы высокі ўзровень распрацоўкі праекта, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко падкрэсліў, што у 2018 годзе плануецца адкрыццё Цэнтра трансферу тэхналогій, які будзе працаваць не толькі па тэхнічных напрамках, але і прыцягваць да супрацоўніцтва спецыялістаў гуманітарнай сферы. Таму праект «Музыка стагоддзяў» цалкам можа быць рэалізаваны ў рамках новай універсітэцкай структуры. Яшчэ адзін варыянт увасаблення ідэй купалаўцаў прапанаваў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандр Нечухрын. У прыватнасці, юнакі могуць паступіць у магістратуру і працягнуць працу над праектам. Аляксандр Мікалаевіч запэўніў, што падтрымку студэнтам акажуць на факультэцкіх і ўніверсітэцкім узроўнях.
Адзначым, што канцэпцыю праекта і найбольш цікавыя яго матэрыялы студэнты прадставілі на агульнаўніверсітэцкім конкурсе моладзевых ідэй і занялі першае месца. Высокія ацэнкі за сваю працу рабяты атрымалі на навукова-практычных канферэнцыях «Сацыялагічныя чытанні - 2017» і «Навука - 2017», якія праходзілі вясной на роднай факультэце.
Цікавыя факты і каментары аўтараў і навуковых кіраўнікоў аб міждысцыплінарным дыпломным праекце чытайце ў новым выпуску газеты «Гродзенскі ўніверсітэт»!