Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 24 Лістапад 2017 09:10

У ГрДУ імя Янкі Купалы ўшаноўвалі студэнтаў-спартсменаў

7342 8Урачыстая сустрэча адміністрацыі купалаўскага ўніверсітэта, факультэта фізічнай культуры і прадстаўнікоў спартыўнага клуба прайшла сёння, 23 лістапада. На мерапрыемства былі запрошаны студэнты і выпускнікі, якія ствараюць спартыўную славу Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Сярод іх пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы, Еўрапейскіх гульняў, рэспубліканскіх спаборніцтваў, майстры спорту, у тым ліку і міжнароднага класа. Гэта змагары Радзік Куліеў, Аляксандр Грабовік, Сяргей Маляўскі, Ілья Лаўрыновіч, Андрэй Міхайлоўскі, Максім Пашкоў, а таксама лёгкаатлеты Максім Андралойць і Ірына Жук.

–Я вельмі рада вітаць сёння знакамітых студэнтаў-спартсменаў універсітэта, якія сваімі спартыўнымі дасягненнямі ўслаўляюць не толькі родную alma mater, але і ўмацоўваюць імідж дзяржавы на міжнароднай арэне, - павітала ўдзельнікаў мерапрыемства першы прарэктар Ірына Кітурка. - Верце ў сябе і памятайце, што вашы перамогі - гэта перамогі ўсёй краіны!

Ірына Фёдараўна падзякавала рабятам, якія прымалі ўдзел у матчавай сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальнай зборнай ЗША па грэка-рымскай барацьбе, за захапляльныя паядынкі і  перамогу над супернікамі. Асаблівыя словы падзякі першы прарэктар накіравала ў адрас трэнера купалаўцаў - Заслужанага трэнера СССР і БССР, прафесара, загадчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту Вячаслава Максімовіча, без падтрымкі і падрыхтоўкі якога поспех быў бы немагчымы.

– Праца трэнера і яго вучня - гэта шматгранная праца, - адзначыў Вячаслаў Аляксандравіч. - Трэнер падтрымлівае свайго выхаванца не толькі на спартыўнай арэне, трэнер падтрымлівае свайго вучня пастаянна і з'яўляецца для яго і псіхолагам, і лекарам, і другім бацькам. Мы атрымалі ў спадчыну традыцыі савецкай спартыўнай школы, якія будзем працягваць і надалей, каб нашы спартсмены пакаралі новыя вяршыні.

На сустрэчы студэнты задалі свае пытанні адміністрацыі ўніверсітэта і распавялі пра планы на бліжэйшую будучыню і будучых спаборніцтвах. Ад імя ўсіх спартсменаў ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Жук падзякавала кіраўніцтву ўніверсітэта і выкладчыкам за падтрымку падчас спаборніцтваў і вучобы.

На заканчэнне сустрэчы Ірына Кітурка ўручыла студэнтам-спартсменам падзячныя лісты ўніверсітэта і падарункі.