Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 06 Сакавік 2017 15:56

Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы ў трэці раз стала пераможцам Міжнароднага адкрытага турніру па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара ўніверсітэта

4162 7Фінальныя гульні турніру ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  прайшлі 4 сакавіка. За прызавыя месцы змагаліся прадстаўніцы пяці каманд.

У гэтым годзе спаборніцтвы праходзілі ў трэці раз. Па традыцыі ў турніры прынялі ўдзел каманды з ГрДУ імя Янкі Купалы, Універсітэта ў Беластоку, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта, Гродзенскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву імя А.М. Сапегі. Пачаткоўцамі сталі студэнткі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Па выніках 20 гульняў пераможцамі Міжнароднага адкрытага турніру па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара ўніверсітэта сталі спартсменкі купалаўскага ўніверсітэта, трэнерам якіх выступіў галоўны суддзя спаборніцтваў, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Станіслаў Лісоўскі. Другое месца - у каманды БФУ імя І. Канта, трэнерам якой з'яўляецца Аляксандр Волкаў. Трэцяе месца занялі дзяўчыны Гродзенскай АСДЮШАР імя А.М. Сапегі, якіх трэніруе Жанна Багаева.

Лепшымі гульцамі турніру прызнаны: спартсменка ГрДМУ Ксенія Ярашэвіч, студэнтка Універсітэта ў Беластоку Зоф'я Грынявіцкая, прадстаўніца Гродзенскай АСДЮШАР імя А.М. Сапегі Анастасія Станкевіч, студэнтка БФУ імя І. Канта Марыя Брыткова і студэнтка нашага ўніверсітэта Кацярына Жукава.

Усе каманды атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.