Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 27 Чэрвень 2016 14:39

Прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы занялі прызавыя месцы і заваявалі алімпійскія ліцэнзіі на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы

14644 2      З 23 па 25 чэрвеня ў Гродне праходзіў чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. У склад каманды Гродзенскай вобласці ўвайшлі 9 студэнтаў і аспірант ГрДУ імя Янкі Купалы.

      Тры прадстаўнікі нашага ўніверсітэта па выніках чэмпіянату заваявалі ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2016 у Рыа-дэ-Жанейра. Так, аспірант факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы Іван Ціхан заняў першае месца ў спаборніцтвах па кіданні молата, паказаўшы другі вынік сезона ў свеце - 80,04 м. Яшчэ адным удзельнікам Алімпіяды стане студэнт факультэта фізічнай культуры Павел Барэйша, які таксама выступаў у спаборніцтвах па кіданні молата і стаў другім. Паедзе ў Рыа-дэ-Жанейра і студэнтка факультэта фізічнай культуры Алена Собалева, якая заняла другое месца ў спаборніцтвах па кіданні молата.

    Астатнія прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы таксама падымаліся на п'едэстал чэмпіянату. Так, студэнт факультэта фізічнай культуры Ян Злома заваяваў «золата» адразу ў двух відах спаборніцтваў - у бегу на 800 м і ў эстафеце 4 × 400 м. Першае месца па скачках у вышыню заняў студэнт факультэта фізічнай культуры Андрэй Скабейка. Студэнтка факультэта фізічнай культуры Вікторыя Кушнір стала трэцяй у бегу на 1500 м. Таксама Вікторыя разам са студэнткай факультэта фізічнай культуры Аляксандрай Хільмановіч ў складзе каманды Гродзенскай вобласці занялі 2 месца ў эстафеце 4 × 400 м. На трэцюю прыступку п'едэстала ў спаборніцтвах па спартыўнай хадзе на 20 км паднялася студэнтка факультэта фізічнай культуры Анастасія Рароўская.

    Па выніках каманднага заліку каманда Гродзенскай вобласці, у якую таксама ўвайшлі студэнт факультэта фізічнай культуры Аляксандр Казлоўскі і студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі Кацярына Лабанава, заняла другое агульнакаманднае месца. Пераможцам чэмпіянату стала каманда Брэсцкай вобласці, трэцімі - прадстаўнікі Магілёўскай вобласці.