Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 30 Красавік 2024 13:55

Узняцца на «Купалаўскую вышыню»

a4nZME3hurI27 красавіка ў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя «Купалаўская вышыня». Маштабнае мерапрыемства аб’яднала студэнтаў-купалаўцаў і вучняў школ Гродзеншчыны.

Для ўдзелу ў фінальным этапе канферэнцыі былі дасланы на папярэдні разгляд   спецыялістаў 529 краязнаўчых работ студэнтаў і вучняў усіх раёнаў Гродзенскай вобласці і горада Гродна. У выніку былі выбраны 222 лепшыя работы, якія і склалі змест 25 секцый канферэнцыі.

Нагадаем, што сваёй канцэпцыяй і метадычнымі падыходамі краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя «Купалаўская вышыня» працягвае педагагічную традыцыю, створаную дзесяцігоддзем правядзення канферэнцыі «Край Гарадзенскі».

Падчас плянарнага пасяджэння канферэнцыі прагучалі вітальныя словы прарэктара па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Наталлі Башун і дырэктара ДУА «Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства» Аксаны Калаур. Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў канферэнцыі сталі словы госця мерапрыемства – вядомага гродзенскага краязнаўцы, знакамітага беларускага навукоўцы – член-карэспандэнта НАН Беларусі, прафесара, доктара біялагічных навук Андрэя Майсяёнка.

У якасці журы секцый канферэнцыі выступілі дзясяткі выкладчыкаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта біялогіі і экалогіі, філалагічнага факультэта, факультэта мастацтваў і дызайну, а таксама настаўнікі-краязнаўцы школ горада Гродна і Гродзенскай вобласці. Арганізацыйную дапамогу ажыццяўлялі супрацоўнікі ДУА «Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства», выкладчыкі кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы.

Работа секцый канферэнцыі стала дэманстрацыяй вынікаў краязнаўчых пошукаў   настаўнікаў і вучняў, пытанняў і адказаў аўтараў даследчых работ і сапраўднай атмасферы радасці ад пошуку ісціны – галоўнай у навуковай справе.

Па выніках працы каферэнцыі ўдзельнікі атрымалі дыпломы I, II і III ступеняў, а таксама слушныя парады прафесійных навукоўцаў.