Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 08 Чэрвень 2020 11:28

Спартыўныя традыцыі ВНУ

Рашэннем Белсавета ДССТ «Буравеснік» у 1958 годзе ў ВНУ БССР былі арганізаваны спартыўныя клубы. У 1959 годзе спартыўны клуб педінстытута быў прызнаны лепшым спартклубам СССР (больш за 250 ВНУ) і ўзнагароджаны граматай Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР.
У 1960 годзе студэнткі факультэта методыкі пачатковага навучання Алена Валчэцкая і Тамара Аляксеева ўключаны ў зборную Каманду СССР па спартыўнай гімнастыцы, а ў 1961 годзе яны ўжо чэмпіёнкі СССР. Галіна Грыбок (Карчэўская) і Людміла Рабкова ўваходзілі ў склад маладзёжнай зборнай каманды СССР па спартыўнай гімнастыцы.
У гады працы на кафедры фізвыхавання заслужанага трэнера БССР Марцінкевіча Анатоля Іванавіча і Фрумана Якава Іосіфавіча павысіўся рэйтынг і нашых баскетбалістаў на Рэспубліканскім Усесаюзным узроўні.
У канцы 60-х - пачатку 70-х гадоў студэнты займаюць самыя высокія месцы на Спартакіядах БССР і СССР. Паступова развіваецца і спартыўная база ВНУ. Лёгкаатлеты, барцы, плыўцы, баксёры, стралкі заваёўваюць медалі самай высокай пробы. У педінстытуце пачынаюць працаваць і секцыі па ручным мячы. Пачынальнікам гэтага віду спорту па праву можна лічыць М. Ф. Бура (цяпер заслужаны трэнер БССР). Веды і настойлівая трэнерская праца прывядуць да таго, што зборныя каманды вобласці (склад з ліку студэнтаў) стануць неаднаразовымі прызёрамі чэмпіянатаў і спартакіяд БССР і ўсесаюзных спаборніцтваў.
З прыходам на працу ў 1970 годзе на кафедру фізвыхавання спартыўны клуб узначаліў Вячаслаў Аляксандравіч Максімовіч, майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе. Аднавілася праца ў спартыўных секцыях гэтага віду спорту. Спартыўныя традыцыі жывыя, у іх ёсць годныя прадаўжальнікі. ГрДУ імя Янкі Купалы па першай групе ВНУ РБ у агульным заліку Рэспубліканскіх студэнцкіх гульняў у гэтыя гады знаходзіўся на трэцім месцы, а ў 2003 годзе заняў другое месца, уступіўшы толькі Акадэміі фізічнай культуры. Многія зборныя каманды ўніверсітэта перамагаюць на рэспубліканскіх студэнцкіх форумах (грэка-рымская барацьба, валейбол (муж.), вольная барацьба, лёгкая атлетыка, дзюдо (жан.) і іншыя). Пад дэвізам «ад масавасці да майстэрства» ва ўніверсітэце штогод рыхтуецца каля 350 спартсменаў масавых разрадаў, 50-60 спартсменаў КМС і 1-га спартыўнага разраду. У розных відах спорту прысвойваюцца званні 3-4-м студэнтам МСМК, 6-10 МС Рэспублікі Беларусь.
Падрабязней...