Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 12 Люты 2024 12:07

Рэктару Купалаўскага ўніверсітэта прысвоена званне ганаровага прафесара

photo 5346089353069319706 yЗванне ганаровага прафесара было прысвоена падчас сустрэчы ў Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэце, якая адбылася ў рамках афіцыйнага візіту дэлегацыі Міністэрствы адукацыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Узбекістан. Таксама рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка наведала Ташкенцкі хіміка-тэхналагічны інстытут, Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі і Ташкенцкі дзяржаўны транспартны ўніверсітэт.

Важнай падзеяй сустрэчы ў Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэце стала прысваенне Ірыне Фёдараўне звання "Ганаровы прафесар". Рэктар выказала словы цёплай падзякі за аказаны гонар. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва па ўжо наладжаных напрамках і знайшлі новыя вектары ўзаемадзеяння. Таксама Ірына Кітурка сустрэлася са студэнтамі, якія навучаюцца па сумеснай адукацыйнай праграме па спецыяльнасці "Міжнароднае права".

На сустрэчы ў Ташкенцкім хіміка-тэхналагічным інстытуце выступілі рэктар Боцір Усманаў, прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве Зеба Бабаханава, прарэктар па рабоце з прадпрыемствамі і навучальнымі ўстановамі Анвар Шарнаеў, прарэктар па навуковай рабоце і інавацыях Хайрула Пулатаў і шэраг супрацоўнікаў інстытута.

У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні рэалізацыі навуковых праектаў у сферы менеджменту і прафесійнай адукацыі, а таксама сумесную падрыхтоўку магістрантаў і дактарантаў і арганізацыю летніх і зімовых школ.

Таксама рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка наведала Ташкенцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Нізамі. На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, акадэмічнай мабільнасці прафесарска-выкладчыцкага саставу і студэнтаў, сумесных праектаў у навуковай і акадэмічнай сферы. Па выніках сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж двума ўніверсітэтамі.

На сустрэчы ў Ташкенцкім дзяржаўным транспартным універсітэце бакі абмеркавалі пытанні рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм. Ташкенцкія калегі азнаёмілі Ірыну Фёдараўну з праектамі, якія рэалізуюцца ў супрацоўніцтве з вядучымі ўніверсітэтамі свету, бягучымі напрамкамі падрыхтоўкі кадраў. Абмяркоўвалася таксама стварэнне прафесійнай адукацыі ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі.

Дарэчы, супрацоўніцтва ГрДУ імя Янкі Купалы з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Рэспублікі Узбекістан было закладзена ў 2009 годзе, калі была падпісана дамова аб супрацоўніцтве з Ташкенцкім аўтамабільна-дарожным інстытутам, цяпер Ташкенцкі дзяржаўны транспартны ўніверсітэт. Усяго дзейнічае больш за 20 міжвузаўскіх дамоваў паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і ўніверсітэтамі Узбекістана.