Валейбольны матч – адна з традыцый, якія склаліся ў гісторыі развіцця супрацоўніцтва паміж Купалаўскім універсітэтам і Гродзенскай рэгіянальнай мытняй. Гэты матч стаў асаблівым – у ім прынялі ўдзел школьнікі, будучыя супрацоўнікі дзяржаўнай службы.
Спартыўнае спаборніцтва было прымеркавана да Дня ўтварэння Гродзенскай рэгіянальнай мытні, які святкуецца штогод 10 лютага.
На матчы прысутнічалі першы намеснік начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні Канстанцін Трацюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Гродзенскай рэгіянальнай мытні Сяргей Мазырка, дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 13 імя У.Ц. Цабо горада Гродна Мікалай Падручны.
Гэты матч стаў не проста спартыўным спаборніцтвам, але і выдатнай магчымасцю для ўдзельнікаў паказаць свае навыкі і згуртавацца ў камандзе. Гульцы пакінулі ўсе сілы на пляцоўцы, каб перамагчы і дастойна прадставіць свае калектывы.
Заўзятары на трыбунах падтрымлівалі кожную каманду гучнымі апладысментамі і крыкамі, ствараючы атмасферу сапраўднага спартыўнага свята. Матч прайшоў у напружанай барацьбе, але ў канчатковым выніку перамогу атрымала каманда супрацоўнікаў Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Купалаўцы занялі 2 месца, 3 месца - навучэнцы мытнага класа сярэдняй школы №13 імя У.Ц. Цабо з горада Гродна.
Пасля матчу ўсе ўдзельнікі сабраліся разам, каб павіншаваць пераможцаў і падзякаваць адзін аднаму за выдатную гульню. Такія мерапрыемствы не толькі садзейнічаюць развіццю спартыўных навыкаў, але і ўмацоўваюць сяброўскія сувязі паміж рознымі адукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі.