Удзел у спаборніцтвах прымуць восем прадстаўнікоў Беларусі. Сярод іх студэнты 4 курса факультэта фізічнай культуры Яўген Кармільчык (вагавая катэгорыя да 48 кг) і Аляксей Алфёраў (да 80 кг). Акрамя купалаўцаў у складзе зборнай Дзяніс Салоцкіх (да 51 кг), Максім Панькоў (да 57 кг), Артур Туніеў (да 60 кг), Дзмітрый Дзяшкевіч (да 63,5 кг), Кірыл Самадураў (да 67 кг), Аляксандр Радзівонаў (да 71 кг).
З-за траўмы на чэмпіянаце свету не выступіць Уладзіслаў Смяглікаў, які дайшоў да чвэрцьфіналу на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Усяго планетарны форум ва Узбекістане збярэ больш за 640 спартсменаў з 104 краін, баксёры разыграюць медалі ў 13 вагавых катэгорыях.
На апошнім чэмпіянаце свету па боксе, які прайшоў восенню 2021 года ў Сербіі, наша каманда заваявала дзве ўзнагароды: Аляксей Алфёраў выйграў срэбра, а Яўген Кармільчык – бронзу. У сакавіку бягучага года ў Індыі адбылося сусветнае першынство па боксе сярод жанчын, дзе адзіны медаль Беларусі прынесла Юлія Апанасовіч, якая стала трэцяй у вазе да 52 кг.