Урачыстая цырымонія пачалася з уступнага слова першага прарэктара Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандра Карэўскага. Аляксандр Яўгенавіч адзначыў, што Галоўнае ўпраўленне і ўніверсітэт звязваюць доўгія дружалюбныя адносіны, а таксама сумесная работа ў рамках Інавацыйнага медыйнага кластара.
- Дагавор выступае як дакумент, які яшчэ больш кансалідуе наша ўзаемадзеянне. Цяпер вельмі важна, каб установы вышэйшай адукацыі і мясцовыя органы кіравання мелі аднанакіраваныя погляды. Толькі такі падыход дапаможа захаваць цэласнасць нашай краіны, - сказаў Аляксандр Яўгенавіч.
Аб задачах дагавора расказаў начальнік упраўлення Ігар Булаўко:
- Асноўнай задачай дагавора аб узаемадзеянні ўпраўленне бачыць падрыхтоўку прафесійных кадраў, якія будуць займаць розныя дзяржаўныя пасады. Усе мы ведаем крылаты выраз "кадры вырашаюць усё", і ў цяперашняй няпростай сітуацыі органы выканаўчай улады, прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы зацікаўлены ў падрыхтоўцы такіх спецыялістаў.
Важнасць падпісання дамовы таксама адзначыў загадчык кафедры паліталогіі Віктар Ватыль:
- Устойлівае развіццё нашага рэгіёну залежыць ад устойлівага стану нашых кіраўнічых інстытутаў, а таксама новых тэхналогій і светапоглядных каштоўнасцяў. Сённяшняе падпісанне дагавора з'яўляецца вынікам узаемадзеяння гэтых трох складнікаў. Купалаўскі ўніверсітэт разам з Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама бярэ на сябе місію памочніка ў развіцці рэгіёну праз падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў.
Важна адзначыць, што кафедра паліталогіі Купалаўскага ўніверсітэта і Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы аблвыканкама супрацоўнічаюць ужо не першы год у сферы падрыхтоўкі спецыялістаў на другой ступені вышэйшай адукацыі. Падпісанне дагавора пашырыць напрамкі ўзаемадзеяння.