Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 13 Студзень 2016 11:31

ГрДУ імя Янкі Купалы і Універсітэт у Беластоку заключылі дагавор аб супрацоўніцтве

12858 10Дэлегацыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з рэктарам Андрэем Дзмітрыевічам Каралём 21-22 снежня 2015 года наведала Універсітэт у Беластоку.

У склад дэлегацыі ўвайшлі першы прарэктар Святлана Уладзіміраўна Агіевец, прарэктары па вучэбнай працы Юрый Эдуардавіч Бялых і Генадзій Аляксеевіч Гачко і дэканы факультэтаў.

Мэта візіту - абмеркаванне перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва паміж купалаўскай і беластоцкай ВНУ на 2016-2020 гг.

У першы дзень, 21 снежня, прадстаўнікі нашай ВНУ сустрэліся з рэктарам Універсітэта ў Беластоку, прафесарам Леанардам Этэль, а таксама прарэктарамі і дэканамі факультэтаў польскай ВНУ. Бакі разгледзелі новыя напрамкі ўзаемадзеяння, сярод якіх прыярытэтнымі назвалі развіццё акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і супрацоўнікаў у рамках праграмы міжнародных абменаў Erasmus +, ўдзел прадстаўнікоў універсітэтаў у праектах трансгранічнага супрацоўніцтва праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна» на 2014-2020 гг., удзел студэнтаў Універсітэта ў Беластоку у Летняй школе ГрДУ імя Янкі Купалы і напісанне сумесных навуковых артыкулаў. Таксама абмяркоўвалася магчымасць атрымання студэнтамі адукацыі на завочнай форме навучання ў беластоцкай і купалаўскай ВНУ.

Для дэлегацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы была арганізавана экскурсія па новым кампусе Універсітэта ў Беластоку, у рамках якой былі прадстаўлены шырокія магчымасці правядзення навуковых даследаванняў у лабараторыях вышэйшай навучальнай установы.

У другі дзень, 22 снежня, адбыліся сустрэчы на факультэтах, дзе дэканы дзвюх ВНУ дэталёва абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння і сумеснай працы.

Вынікам двухдзённага візіту стала падпісанне новага дагавора аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеяння ў сферы навукі і адукацыі паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Універсітэтам у Беластоку.