Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 16 Жнівень 2021 15:10

Купалаўцы прынялі ўдзел у 44-м з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

brsmМоладзевы форум праходзіў у сталіцы і сабраў больш за 500 актывістаў з усёй краіны - школьнікаў, студэнтаў, супрацоўнікаў прадпрыемстваў, вайскоўцаў.

У якасці дэлегатаў ад Купалаўскага ўніверсітэта ўдзел у з'ездзе прынялі сакратар першаснай арганізацыі ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы Вольга Русілка і загадчык інтэрната №4 Арцём Макарэвіч. Вольга Русілка падзялілася ўражаннямі ад маштабнага мерапрыемства:

- Прыемна ўсведамляць, што з'яўляешся часткай такога згуртаванага калектыву, але разам з тым разумееш, наколькі вялікая асабістая адказнасць, бо будучыня арганізацыі залежыць ад кожнага з нас. Для мяне важна было сустрэцца з аднадумцамі. Сама гэтая сустрэча нясе велізарны зарад пазітыву. Усё было настолькі адкрыта і лагодна, што яшчэ раз пераконваешся: мы на правільным шляху і робім патрэбную справу.

Актывісты моладзевага руху сабраліся, каб абмеркаваць вынікі працы арганізацыі за апошнія тры гады, падзяліцца вопытам і абмяняцца думкамі па актуальных тэмах. Адной з галоўных ідэй форуму стала аб'яднанне намаганняў моладзі дзеля захавання пераемнасці пакаленняў і традыцый краіны. А сярод асноўных пытанняў у парадку дня было прыняцце стратэгіі развіцця ГА «БРСМ» да 2025 года.

На 44-м з'ездзе Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі былі вырашаны таксама важныя кадравыя пытанні: выбралі склад Цэнтральнага камітэта і першага сакратара. Узначальваць маладзёжную арганізацыю даверылі Аляксандру Лук'янаву, які да гэтага займаў пасаду начальніка аддзела даследаванняў у галіне ліквідацыі надзвычайных сітуацый Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Рэспублікі Беларусь.