На сустрэчы прысутнічала больш за 150 купалаўцаў. Адкрыла мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, дэлегат сёмага Усебеларускага народнага сходу Ірына Кітурка. Прадстаўляючы госцю, Ірына Фёдараўна адзначыла, што Вольга Аляксандраўна - дзіўны чалавек, у якога хобі супадае з працай. Таксама рэктар падкрэсліла, што падчас размовы будуць абмяркоўвацца ўсе пытанні, якія хвалююць моладзь, забароненых тэм для размовы няма.
На пачатку свайго выступлення Вольга Шпілеўская акцэнтавала ўвагу на шчырасці і сумленнасці беларускага народа, заклікаўшы ўдзельнікаў сустрэчы да адкрытага і актыўнага дыялога. Госця расказала пра Беларускі саюз жанчын і пра перспектывы для маладога пакалення, якія адкрывае арганізацыя.
– Маладыя дзяўчыны, за вамі будучыня. І нам, як Беларускаму саюзу жанчын, вельмі важна перадаць вам усё самае лепшае, а па-другое, заўважыць вас, дапамагчы вам стаць тымі, хто прыйдзе да нас на змену ва ўсіх галінах. Вашы ідэі і наш досвед павінны прывесці нас да таго, што будзе актыўна развіваць нашу краіну ў будучыні. Наша задача знайсці гэты сплаў маладосці і мудрасці, і зрабіць так, каб ён быў максімальна эфектыўным, – падкрэсліла Вольга Шпілеўская.
Спікер падзялілася гісторыяй развіцця тэлеканала «Мір», расказала аб напрамках і прынцыпах яго працы. Вольга Аляксандраўна адзначыла, што тэлеканал «Мір» – гэта адзіная прастора, дзе адлюстроўваецца жыццё постсавецкіх краін.
Вяртаючыся да асноўнай тэмы дыялогу «У адзінстве народа – будучыня Беларусі» Вольга Шпілеўская прапанавала паглядзець удзельнікам сустрэчы дакументальны фільм, створаны журналістам МТРК «Мір», аб падзеях уз'яднання Заходняй Беларусі з тэрыторыяй БССР. Тут адлюстравалі храналогію падзей, якія папярэднічалі гэтай памятнай даце, з дапамогай архіўных матэрыялаў, інтэрв'ю сваякоў тых, хто жыў у той нялёгкі для Заходняй Беларусі час, і навуковых работнікаў. Варта адзначыць, што ў здымках фільма прыняў удзел і дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны.
– Гісторыя ўз'яднання Ўсходняй і Заходняй Беларусі – гэта гісторыя таго, як мы як адзіны народ сфармаваліся. Яна важная для кожнага. І вельмі хочацца, каб маладое пакаленне гэтаму святу таксама ўдзяляла асаблівую ўвагу і разумела, наколькі гэта важна. Таму што Вялікая Айчынная вайна крыху «зацерла» значнасць гэтага свята. І гэта зразумела, таму што вялікая катастрофа, якую мы перажылі, як ваявалі і абаранялі нашу Радзіму – гэта адно. Але зараз трэба вярнуць і гісторыю гэтага свята і данесці яго значнасць падрастаючаму пакаленню, – адзначыла Вольга Аляксандраўна.
У ходзе адкрытага дыялога адбылося абмеркаванне дакументальнага фільма. Удзельнікі сустрэчы адзначылі высокую якасць падрыхтоўкі фільма і не стрымлівалі сваіх эмоцый. Пасля Вольга Шпілеўская адказала на ўсе пытанні, якія цікавілі студэнтаў-купалаўцаў. Пытанні датычыліся ўкаранення штучнага інтэлекту ў работу журналіста, пераўтварэннях у сферы журналістыкі, перавагах журналісцкай адукацыі. Таксама ўдзельнікі сустрэчы цікавіліся перспектывамі супрацоўніцтва Беларускага саюза жанчын з такімі арганізацыямі ў іншых краінах, значнасцю ролі жанчыны ў грамадстве, а таксама аб грамадскіх ініцыятывах арганізацыі, якія адлюстроўваюцца ў тэлевізійных праектах МТРК «Мір». Цікавіліся купалаўцы і сакрэтам поспеху госці.
– Для мяне магчымасць пагутарыць з Вольгай Аляксандраўнай – гэта шанец даведацца ў дасведчанага чалавека аб магчымасцях журналіста і яго асабістых якасцях. Для мяне даведацца, як, чаму і што лепш мець зараз журналісту – было асноўнай задачай. Вольга Аляксандраўна падзялілася сваім вопытам, расказала гісторыю свайго станаўлення як журналіста, што стала для мяне вялікім штуршком рухацца да пастаўленай мэты і развіваць свае здольнасці, – падзялілася студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Арыяна Ланіна.
Напрыканцы сустрэчы госці ўручылі кветкі і памятны падарунак ад моладзі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У сваю чаргу Вольга Аляксандраўна пажадала купалаўцам свету, цяпла і ўсмешак, а самае галоўнае – заўсёды заставацца вернымі самому сабе.
Візіт Вольгі Шпілеўскай у Купалаўскі ўніверсітэт прадоўжыўся наведваннем Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе выкладчыкі правялі аглядную экскурсію, прадэманстраваўшы дасягненні і ініцыятывы навучэнцаў. Таксама адбылася сустрэча жаночага актыву з Вольгай Аляксандраўнай, у рамках якой былі абмеркаваны пытанні, якія датычацца ролі жанчын у грамадстве і магчымых шляхоў іх актыўнага ўдзелу ў жыцці каледжа і горада.