Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 28 Снежань 2016 14:01

Прадстаўнікі юрыдычнага факультэта прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі ў БДУ

9659 1 bКанферэнцыя «Актуальныя праблемы юрыдычнай адукацыі ў кантэксце навучання альтэрнатыўнаму ўрэгуляванню спрэчак як падыходу да забеспячэння правоў чалавека» прайшла ў рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ТEMPUS 543990-TEMPUS-1-2013-1-DE-TEMPUS-JPCR «Навучанне альтэрнатыўнаму ўрэгуляванню спрэчак як падыходу да забеспячэння правоў чалавека» (праект TRADIR), удзельнікам якога з'яўляецца юрыдычны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы.

Удзельнікамі канферэнцыі сталі 72 вядучых навуковых, педагагічных і практычных работніка з Беларусі, Германіі, Італіі, Літвы, Расіі, Казахстана і Украіны, чыя дзейнасць сканцэнтравана ў сферах навучання альтэрнатыўным метадам вырашэння прававых спрэчак. Сярод іх прадстаўнікі юрыдычнага факультэта нашай alma mater.

Падчас адкрыцця канферэнцыі гасцей віталі дэкан юрыдычнага факультэта БДУ Сяргей Балашэнка, кіраўнік праекта TRADIR, загадчык кафедры крымінальнага права Універсітэта Патсдама Уве Хельман і старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Віктар Камянкоў.

– Працягнулася канферэнцыя пленарным пасяджэннем, дзе аб выніках міжнароднага праекта расказалі менеджэры Tempus-праекта TRADIR, - расказала дэкан юрыдычнага факультэта нашага ўніверсітэта Святлана Чабуранава. - Ад імя магістрантаў выступіла наша магістрантка Атаповіч Анастасія, з боку краін Еўрапейскага саюза - дацэнт юрыдычнага факультэта Вільнюскага ўніверсітэта Вігіта Вебрайтэ, з боку ВНУ Украіны - Луцык Васіль, дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і крыміналістыкі юрыдычнага факультэта Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко.

Другая частка пасяджэння была прысвечана метадычным аспектам навучання альтэрнатыўным спосабам дазволу спрэчак, пасля якой актыўна абмяркоўваўся даклад выкладчыка юрыдычнага факультэта Універсітэта Патсдама, рэферэнта ландтага зямлі Брандэнбург Убершэра Айка Уве Хельман.

У рамках двух секцый па кожнаму дакладу адбыліся змястоўныя дыскусіі ўдзельнікаў канферэнцыі пад кіраўніцтвам мадэратараў. Пасля іх завяршэння для ўдзельнікаў канферэнцыі адбылася экскурсія ў г. Нясвіж з наведваннем знакамітага Палаца Радзівілаў.

У заключны дзень канферэнцыі арганізатары падвялі вынікі працы і ўручылі сертыфікаты ўсім удзельнікам.

З усімі навінамі юрыдычнага факультэта можна азнаёміцца тут.

 

9659 3 b