Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 01 Лістапад 2023 13:35

Купалавец у ліку пераможцаў абласнога этапу патрыятычнага конкурсу «Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць»

image 2023 11 01 13 15 53Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу прайшла ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Удзел у мерапрыемстве прынялі ганаровыя госці – памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

Маладзёжны творчы конкурс Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь стартаваў 1 сакавіка. Ён прымеркаваны да Года міру і стварэння і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усяго для ўдзелу ў рэгіянальным этапе конкурсу ў пракуратуру Гродзенскай вобласці паступіла 198 работ, у тым ліку ў намінацыі «Лепшае даследаванне» - 56, «Лепшае эсэ» - 110, «Лепшы відэаролік» - 32 работы. Толькі 9 найлепшых у трох намінацыях будуць адпраўлены на рэспубліканскі этап конкурсу.

У лік лепшых увайшла Вікторыя Мордань, студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дзяўчына стала лаўрэатам у намінацыі «Лепшае эсэ».

У сваёй працы Вікторыя гаворыць аб тым, як важна зрабіць усё магчымае, каб трагедыя Вялікай Айчыннай вайны больш не паўтарылася, каб ніколі на беларускай зямлі не было фашызму і нацызму. Менавіта на падрастаючым пакаленні ляжыць адказнасць за спакой і парадак у суверэннай і незалежнай Беларусі, за нашу светлую і годную будучыню.

Я вельмі рада, што змагла прыняць удзел у дадзеным конкурсе. Ён дапамог мне яшчэ больш даведацца аб тым, з чым сутыкнуліся нашы суайчыннікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – сказала Вікторыя Мордань. – Я шмат працавала над стварэннем свайго эсэ, і яно далося мне нялёгка. У сваёй працы я выкарыстоўвала матэрыялы, размешчаныя на сайце Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Рыхтуючыся да конкурсу, я перачытала шмат інтэрв'ю ахвяр генацыду, якія расказалі ў тым, праз што ім давялося прайсці. Таму магу сказаць з упэўненасцю, што мая праца заснавана на рэальных падзеях, – падзялілася студэнтка.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўсе прысутныя змаглі азнаёміцца з выставай, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Памятнымі дыпломамі і падарункамі ад аргкамітэта адзначаны ўдзельнікі, пераможцы і лаўрэаты конкурсу.