Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 22 Сакавік 2023 16:38

У ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць VII міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Заалагічныя чытанні – 2023"

IMG 3376Навуковая падзея сабрала больш за 500 удзельнікаў не толькі з усёй Беларусі, але і вучоных з Расіі, Таджыкістана і В'етнама. У гэтым годзе канферэнцыя прысвечана вывучэнню і развіццю навуковай спадчыны выдатнага заолага Івана Сяржаніна і праходзіць як онлайн, так і афлайн. На працягу трох дзён вучоныя будуць дзяліцца вынікамі даследаванняў і ўступаць у дыскусіі.

Удзельнікаў канферэнцыі прывітала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна падзякавала вучоным за тое, што яны рэгулярна прымаюць удзел у навуковай падзеі і дзеляцца вынікамі сваіх даследаванняў. Яна таксама падкрэсліла, што купалаўцам заўсёды прыемна і ганарова прымаць у сценах універсітэта прадстаўнікоў навуковай супольнасці.

- ГрДУ імя Янкі Купалы атрымаў міжнародную істытуцыйную акрэдытацыю тэрмінам на 5 гадоў і міжнародную праграмную акрэдытацыю па 16 адукацыйных праграмах. І сярод іх праграмы біялагічнага профіля. Гэта дазволіць пашырыць вектары працы ў гэтым кірунку, - адзначыла рэктар і пажадала ўдзельнікам канферэнцыі плённай працы.

Таксама з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, які падкрэсліў важнасць навуковай падзеі і той увагі, якая яму ўдзелена. Тэматычны ахоп канферэнцыі сапраўды шырокі і дае магчымасць актуалізаваць самыя розныя пытанні. Удачы і цікавай працы таксама пажадаў прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Праневіч.

Як расказала дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Наталля Башун, канферэнцыя праходзіць пры падтрымцы многіх партнёраў. Сярод іх ДНВА "НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах", Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Тульскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Л.М. Талстога, Кубанскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт імя І.Ц. Трубіліна, Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гродзенскі заалагічны парк, Гродзенскі дом навукі і тэхнікі, ГА "Беларускі Навукова-Тэхнічны Саюз", Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Азёры".

- Наперадзе ў нас тры дні навуковых дыскусій, даследаванняў, абмену вопытам. Менавіта такія навуковыя форумы дазваляюць акумуляваць навуковыя веды і прыйсці да новых рашэнняў і праектаў, якія даюць магчымасць знайсці аднадумцаў і партнёраў. Усё гэта спрыяе выпрацоўцы агульнай стратэгіі ў даследаваннях заалагічнага характару, - распавяла Наталля Башун.

У прыродзе ўсё ўзаемазлучана, таму кажучы аб заалагічных праблемах нельга не згадаць у цэлым пытанні экалогіі. Прафесар Інстытута тэарэтычнай і эксперыментальнай біяфізікі РАН Аляксандр Мядзвінскі падзяліўся ў рамках канферэнцыі сваімі напрацоўкамі ў галіне метадаў і падыходаў да даследавання экасістэмных працэсаў і параўнаў матэматычнае мадэляванне і палявыя даследаванні.

- Дадзеныя даследаванні дапамагаюць прадбачыць развіццё складанай хаатычнай дынамікі і могуць уяўляць цікавасць у розных галінах. Рады апынуцца ў Купалаўскім універсітэце і Гродне, упэўнены, што праца ў рамках канферэнцыі будзе плённай, - падзяліўся Аляксандр Мядзвінскі.

Даклады, якія будуць прадстаўлены на канферэнцыі, раскрываюць сучасныя аспекты фауністычных даследаванняў, маніторынгу і кадастра жывёльнага свету, захавання біяразнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання і аховы рэсурсаў жывёльнага свету, а таксама адлюстроўваюць актуальныя праблемы аўтэкалогіі жывёл ва ўмовах росту антрапагеннага ўплыву і глабальных змяненняў асяроддзя пражывання. Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых артыкулаў.