Чэмпіянат штогод арганізоўваецца для вайсковых факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў. На працягу трох дзён удзельнікі прадэманстравалі бескампрамісную і ўпартую барацьбу. Курсанты спаборнічалі ў кіданні гранаты на далёкасць і бегу на 100 і 3000 метраў, а таксама падцягванні на перакладзіне і пераадоленні адзінай паласы перашкод.
Спаборніцтвы прайшлі ў напружанай, але яркай барацьбе. Удзельнікі паказалі высокае майстэрства, цягавітасць і волю да перамогі.
Зборная каманда ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы заняла ІІІ месца на Чэмпіянаце ваенных факультэтаў і інстытута ва ўстановах вышэйшай адукацыі! Важкі ўклад у дасягненні дадзенага выніку ўнеслі: старшы сяржант Антон Чайчыц, які заняў II месца па ваенна-прыкладным мнагаборстве; курсант Вадзім Чарняўка – III месца па ваенна-прыкладным мнагаборстве; маёр Міхаіл Максімук заваяваў II месца ва ўзроставай катэгорыі старэйшыя за 30 гадоў, мнагабор'е ВСК.
Старшы выкладчык кафедры тэорыі і арганізацыі фізічнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта падпалкоўнік Павел Кірмель паказаў лепшы вынік - 1 мін. 42,9 секунд у пераадоленні адзінай паласы перашкод. Лепшы вынік у бегу на 100 м прадэманстраваў старшы сяржант Антон Чайчыц з вынікам - 11,7 секунд.
Пераможцы і прызёры чэмпіянату былі ўзнагароджаны медалямі, граматамі і каштоўнымі прызамі. Чэмпіянат стаў не толькі спартыўным спаборніцтвам, але і пляцоўкай для абмену вопытам, умацавання таварыскіх сувязей і павышэння прэстыжу ваеннай спецыялізацыі.