Учора, 13 лютага, у Менску адбылася нарада Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка з чальцамі Рэспубліканскай рады рэктараў вну. На нарадзе прысутнічалі рэктары ўсіх ВНУ краіны, у тым ліку і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
На сустрэчы з працоўным калектывам купалаўцаў рэктар падзялілася асноўнымі напрамкамі работы па выніках нарады з Прэзідэнтам.
– Праз усю нараду Прэзідэнта з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ чырвонай ніткай прайшла тэма Года якасці. 2024 год аб'яўлены Кіраўніком дзяржавы Годам якасці, таму ўся наша работа павінна быць нацэлена на павышэнне якасці ўсіх сфер нашай дзейнасці. Дэвіз Года якасці: мы павінны перасягнуць сябе ва ўсім, што мы робім. Асноўныя намаганні ў гэтым годзе павінны быць накіраваны на вырашэнне ключавых задач, пастаўленых Прэзідэнтам перад ВНУ, – падкрэсліла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта.
У ходзе свайго выступлення Ірына Фёдараўна дэталёва спынілася на кожным з пяці пунктаў, якія датычацца сістэмы вышэйшай адукацыі, на якія звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Праблемнае поле пытанняў выявілася па выніках маштабных апытанняў, якія праводзяцца Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў сярод студэнцкай моладзі.
Аб попыце і прапанове на рынку працы
Першая праблема, абазначаная Прэзідэнтам на нарадзе, – разрыў паміж попытам і прапановай на рынку працы. Аляксандр Лукашэнка арыентаваў кіраўнікоў ВНУ на тое, каб у першую чаргу рыхтаваць кадры пад патрэбнасць айчыннага рэальнага сектара. Тут павінна праводзіцца сістэмная работа міністэрстваў эканомікі, адукацыі, працы і сацабароны, губернатараў.
Аб запатрабаванасці айчыннай вышэйшай адукацыі
Другая праблема, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт,– гэта імкненне выпускнікоў атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Такая тэндэнцыя, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць, але яна не катастрафічная.
Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на работу ВНУ са школамі: як яны прэзентуюць сябе выпускнікам, як узаемадзейнічаюць з прадпрыемствамі, якія павінны быць заказчыкамі кадраў. Размова ішла таксама аб якасці навучальных праграм, аб іх актуальнасці і адпаведнасці рэальным запытам сектара эканомікі, укараненні найноўшых тэхналогій у навучанне.
Аб амаладжэнні кадраў у навуцы і выкладчыцкім складзе
Прэзідэнт занепакоены, што моладзь не надта ахвотна ідзе ў навуку і выкладанне, і гэта трэцяя праблема для сістэмы вышэйшай адукацыі. Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на якасць падручнікаў: навучанне не павінна палохаць студэнтаў. Тэрміналогія павінна быць даступнай і зразумелай.
Аб сувязі адукацыі і палітыкі
Гаворачы аб гэтай праблеме ў сістэме вышэйшай адукацыі, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што адукацыя ніколі не была і не можа быць па-за палітыкай. Універсітэт не проста дае прафесію, ён фармуе светапогляд маладых людзей.
Аб ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце з моладдзю
Пятай праблемай для сістэмы вышэйшай адукацыі Аляксандр Лукашэнка назваў нездавальняючую ідэалагічную і выхаваўчую работу з моладдзю: многія выхаваўчыя мерапрыемствы маюць чыста фармальны характар. Такога быць не павінна.
Прэзідэнт даручыў стварыць рабочую групу для праверкі сістэмы адукацыі, якая можа пачаць сваю работу ўжо ў красавіку гэтага года.
Па выніках мерапрыемства Ірына Фёдараўна дала канкрэтныя даручэнні і дакладна пазначыла тыя задачы, якія ў бліжэйшы час трэба будзе вырашаць калектыву. Яна адзначыла, што вырашэнне гэтых задач з'яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўніверсітэта ў Год якасці.