4 лістапада ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праходзіць традыцыйная акцыя «Адзін дзень з рэктарам». Праект накіраваны на тое, каб дапамагчы студэнцкаму актыву бліжэй пазнаёміцца з працоўнымі буднямі кіраўніка вышэйшай навучальнай установы і знутры зразумець спецыфіку кіраўнічых працэсаў.
Сёлета працоўны дзень з рэктарам універсітэта Ірынай Фёдараўнай Кітурка падзялілі трое студэнтаў: Керман Хаджаеў – студэнт трэцяга курса філалагічнага факультэта, старшыня Савета зямляцтваў замежных студэнтаў; Кацярына Сіроцкая – студэнтка чацвёртага курса інжынернага факультэта, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года-2025»; Мацвей Карнялюк – студэнт першага курса фізіка-тэхнічнага факультэта, выпускнік шматпрофільнай школы «Купалаўскі старт».
Рабочы дзень удзельнікаў праекта пачаўся з ранішняй нарады з рэктарам, студэнты прысутнічалі пры пастаноўцы ключавых задач на дзень.
Праграма дня ахапіла самыя розныя сферы жыцця ўніверсітэта – ад бытавых умоў студэнтаў да навукова-творчага і духоўнага складніка.
У рамках выязных мерапрыемстваў удзельнікі ініцыятывы наведалі студэнцкі інтэрнат № 7, размешчаны па адрасе: вул. Лідская, 21, дзе азнаёміліся з умовамі пражывання і арганізацыяй побыту навучэнцаў; пабывалі на малебне ў Каложскай царкве; нанеслі візіт на факультэт мастацтваў і дызайну, каб асабіста ўбачыць, якія перспектыўныя праекты і творчыя распрацоўкі рэалізуюцца сёння факультэтам.
І гэта толькі вынікі першай паловы дня! Наперадзе ўдзельнікаў праекту чакае яшчэ шмат цікавага.
Сачыце за нашымі навінамі і будзьце ў курсе апошніх падзей!