Сёння, 2 кастрычніка, напярэдадні святкавання Дня настаўніка ў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла віншавальная акцыя. Прадстаўнікі маладзёжных арганізацый універсітэта - Прафкам навучэнцаў, Студсавет і БРСМ а таксама Першасная прафсаюзная арганізацыя работнікаў універсітэта падрыхтавалі для ўсіх выкладчыкаў сапраўднае свята. Смачныя пачастункі, віншавальныя паштоўкі і добрыя пажаданні - усё гэта стала знакам шчырай падзякі за іх працу, цярпенне і мудрасць.
З цёплымі пажаданнямі да педагогаў звярнуліся студэнты і актывісты. Яны жадалі здароўя, натхнення, удзячных студэнтаў і новых прафесійных поспехаў. Усмешкі, цёплыя словы і святочная атмасфера яшчэ раз нагадалі: за кожнай лекцыяй і семінарам стаіць чалавек, які шчодра дзеліцца ведамі і часцінкай свайго сэрца.
Цеплыня выкладчыцкіх сэрцаў - тое, што штодня сагравае Купалаўскі ўніверсітэт і аб'ядноўвае пакаленні студэнтаў і педагогаў. З надыходзячым святам, дарагія выкладчыкі!