З 30 верасня па 2 кастрычніка ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры "БелЭкспа" праходзіць Міжнародная прамысловая выстава "ІННАПРАМ. Беларусь - 2026». Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на маштабным індустрыяльным форуме прадстаўляюць прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун і загадчык кафедры машыназнаўства і тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў інжынернага факультэта Яўген Аўчыннікаў.
Экспазіцыя выставы ахоплівае ключавыя кірункі сучаснай індустрыі: машынабудаванне, металургію, новыя матэрыялы, рашэнні для энергетыкі, тэхналогіі хімічнай прамысловасці, станкабудаванне, развіццё інфраструктуры, а таксама інфармацыйныя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі.
На міжнароднай выставе «ІННАПРАМ. Беларусь – 2026» Купалаўскі ўніверсітэт дэманструе лінейку перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак, якія выклікалі высокую цікавасць экспертнай супольнасці. Увазе спецыялістаў прадстаўлены інструменты з гібрыднымі вакуумнымі пакрыццямі на аснове нітрыдаў, а таксама пластычныя змазачныя матэрыялы з камбінаваным ліціева-кальцыевым загушчальнікам, мадыфікаваным маласлаёвым графенам. У ліку экспануемых інавацый - дэкаратыўныя вакуумныя пакрыцці для шкляной прамысловасці (на прыкладзе вырабаў з тытанавым пакрыццём, якія дэманструюць унікальны аптычны эфект пераходу ад поўнага паглынання святла да яго поўнага прапускання), і кампазіцыйныя палімерныя матэрыялы на аснове поліэтылену і фтарапласту, таксама мадыфікаваныя маласлаёвым графенам.
Прэзентацыя навуковых дасягненняў ГрДУ імя Янкі Купалы на міжнароднай пляцоўцы садзейнічае ўмацаванню партнёрскіх сувязей з вядучымі прамысловымі прадпрыемствамі і адкрывае новыя перспектывы для камерцыялізацыі ўніверсітэцкіх распрацовак.