15 верасня на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылося пасяджэнне Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі сферы адукацыі, у тым ліку рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Разам з кіраўнікамі ВНУ Беларусі ў сустрэчы прынялі ўдзел Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец і начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Шэшка. З дакладам перад прысутнымі выступіў старшыня Савета рэктараў, рэктар БДУІР Вадзім Богуш.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі досвед працы галаўных арганізацый дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў і дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, а таксама разгледзелі вынікі працы профільных працоўных груп. Акрамя таго, прысутныя намецілі шляхі павышэння эфектыўнасці прасоўвання ўстаноў вышэйшай адукацыі ў міжнародных рэйтынгах.
Па выніках пасяджэння Прэзідыум Савета рэктараў выпрацаваў рэкамендацыі па ўзмацненні пазіцый беларускіх ВНУ на міжнароднай арэне.