15 верасня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла сустрэча з кіраўніцтвам Гродзенскага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства энергетыкі «Гроднаэнерга» і вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Гроднааблгаз». Мерапрыемства было прымеркавана да 25-годдзя Міністэрства энергетыкі і сабрала прадстаўнікоў фізіка-тэхнічнага і інжынернага факультэтаў.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – актыўны ўдзельнік развіцця Гродзенскага рэгіёну. ВНУ прымае ўдзел у яго грамадска-палітычным, культурным і навуковым жыцці, аднак галоўным напрамкам яго дзейнасці застаецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў для арганізацый Гродзеншчыны. Купалаўскі ўніверсітэт вядзе актыўную падрыхтоўку па запатрабаваных спецыяльнасцях, арыентуючыся на рэальныя запыты эканомікі і прамысловасці.
Каб бліжэй пазнаёміцца з перспектыўнымі напрамкамі працаўладкавання, у Купалаўскім універсітэце арганізавалі адкрыты дыялог з кіраўніцтвам двух ключавых прадпрыемстваў Гродна – «Гроднаэнерга» і «Гроднааблгаз». Ганаровымі гасцямі мерапрыемства выступілі першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер РУП «Гроднаэнерга» Ілля Кайко і генеральны дырэктар УП «Гроднааблгаз» Яўген Смірноў.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько. Ён падзякаваў прадстаўнікам арганізацый за ўдзел у мерапрыемстве і выказаў надзею на тое, што гэта сустрэча стане чарговым крокам да больш цеснага ўзаемадзеяння паміж ВНУ, «Гроднаэнерга» і «Гроднааблгаз».
Дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксандр Варанцоў адзначыў важнасць супрацоўніцтва сферы адукацыі і вытворчага сектара.
– Цеснае супрацоўніцтва сферы адукацыі з вытворчым сектарам сфармавалася не выпадкова. Большая частка прысутных у аўдыторыі студэнтаў – гэта будучыя інжынеры, якія будуць прымяняць свае веды ў рэальным сектары эканомікі, – звярнуў увагу Аляксандр Варанцоў.
Адкрыты дыялог пачаўся з дакладаў прадстаўнікоў арганізацый, у якіх яны расказалі аб Міністэрстве энергетыкі і сваіх прадпрыемствах.
ИІлья Кайко прадставіў студэнтам даклад на тэму «Развіццё энергетычнай галіны». Ён падзяліўся гісторыяй станаўлення энергетыкі Беларусі і апісаў ролю ведамства ў жыцці краіны. Ілля Мікалаевіч расказаў аб асноўных задачах міністэрства, якія ўваходзяць у яго склад арганізацыях і галоўных дасягненнях за 25 гадоў. Асаблівую ўвагу спікер удзяліў Беларускай АЭС, якая забяспечвае больш за 40 працэнтаў выпрацоўкі электрычнай энергіі ў краіне, а таксама праектам «Гроднаэнерга». У прыватнасці, ён згадаў будаўніцтва і рэканструкцыю высакавольтных ліній электраперадачы для інтэграцыі АЭС у агульную энергасістэму. Акрамя таго, у дакладзе былі адзначаны значныя энергетычныя аб'екты Гродзенскай вобласці. Пасля выступу студэнтам прадэманстравалі відэаролік аб дзейнасці «Гроднаэнерга».
Генеральны дырэктар «Гроднааблгаз» Яўген Смірноў у сваім выступленні адзначыў маштабны ўклад Міністэрства энергетыкі ў эканоміку Рэспублікі Беларусь і падкрэсліў важнасць энергетычнай бяспекі. Таксама Яўген Барысавіч расказаў аб гісторыі газіфікацыі краіны.
Пасля выступленняў былі пытанні да запрошаных гасцей. Студэнты цікавіліся працай студэнцкіх атрадаў на прадпрыемствах, нюансамі размеркавання і магчымасцю сумяшчаць працу з вучобай. Таксама прагучалі пытанні аб падтрымцы маладых спецыялістаў, патрабаваннях да ведаў выпускнікоў і ўдзеле прадпрыемстваў у адукацыйным працэсе ВНУ.
Адкрыты дыялог стаў важнай падзеяй для ўсіх удзельнікаў. Для Купалаўскага ўніверсітэта гэтая сустрэча паслужыла чарговым крокам ва ўмацаванні партнёрства з вядучымі прадпрыемствамі рэгіёна, а для студэнтаў – выдатнай магчымасцю бліжэй пазнаёміцца з патэнцыйнымі працадаўцамі.