У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пачаўся новы навучальны год, а разам з ім – важны і хвалюючы этап для тых, хто толькі пераступіў парог альма-матэр. На ўсіх факультэтах праходзяць арганізацыйныя сходы, на якіх учорашнія абітурыенты знаёмяцца з правіламі студэнцкага жыцця, атрымліваюць адказы на хвалюючыя пытанні і робяць першыя крокі ў свет вышэйшай адукацыі.
Традыцыйна перад самым пачаткам навучальнага года прафесарска-выкладчыцкі склад сустракае першакурснікаў на ўрачыстых мерапрыемствах факультэтаў. З прывітальным словам да рабят звяртаюцца дэканы, іх намеснікі па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, а таксама па навуковай і вучэбнай дзейнасці. У цёплай і добразычлівай атмасферы студэнтам тлумачаць асаблівасці арганізацыі навучальнага працэсу, расказваюць пра кафедры, лабараторыі, і магчымасці, якія адкрывае перад імі Купалаўскі універсітэт.
Асаблівая ўвага надаецца не толькі акадэмічным аспектам, але і пазанавучальнаму жыццю: першакурснікі даведаюцца аб спартыўных секцыях, творчых студыях, валанцёрскіх праектах і студэнцкім самакіраванні – аб усім, што дапамагае праявіць сябе і рэалізаваць свой патэнцыял у поўнай меры. На сходах таксама ўшаноўваюць лепшых абітурыентаў – тых, хто паступіў з найвышэйшымі баламі; ім уручаюць падзячныя пісьмы і сімвалічныя падарункі, падкрэсліваючы значнасць іх дасягненняў.
Арганізацыйныя сустрэчы праходзяць на ўсіх факультэтах універсітэта: матэматыкі і інфарматыкі, інжынерным, гісторыі, камунікацыі і турызму, біялогіі і экалогіі, юрыдычным, эканомікі і кіравання, педагагічным, фізічнай культуры, мастацтваў і дызайну, псіхалогіі, філалагічным і фізіка-тэхнічным. Кожны факультэт рыхтуе для сваіх першакурснікаў індывідуальную праграму знаёмства, але ўсіх іх аб'ядноўвае галоўная мэта - дапамагчы новым членам вялікай купалаўскай сям'і адчуць сябе ўпэўнена і камфортна ў сценах роднай ВНУ.
Таксама ва ўніверсітэце 31 жніўня пройдуць традыцыйныя Урачыстыя сустрэчы рэктара І.Ф. Кітурка са студэнтамі 1 курса, сустрэча ў 11:00 будзе праходзіць у анлайн-фармаце, да трансляцыі можна будзе далучыцца па спасылцы. Ірына Фёдараўна прачытае лекцыю на тэму «Універсітэт вашых магчымасцяў». Падчас сустрэчы рабяты пазнаёмяцца з гісторыяй універсітэта, яго традыцыямі, пазіцыямі ў міжнародных рэйтынгах, а таксама з поспехамі студэнтаў і выпускнікоў. Акрамя таго, першакурснікі даведаюцца аб магчымасцях для самарэалізацыі ў навуцы, адукацыі, спорце і творчасці.
Варта адзначыць, што ў гэтым імкненні ўніверсітэт ідзе далей і прапануе студэнтам не толькі жывыя зносіны, але і сучасныя лічбавыя рашэнні. Для максімальна камфортнай адаптацыі распрацавана сістэма лічбавых памагатых. Адзін з іх – тэлеграм-бот «Памятка студэнта ГрДУ імя Янкі Купалы», які аб'ядноўвае ключавыя звесткі: структуру ўніверсітэта, кантакты адміністрацыі і факультэтаў, карысныя інтэрнэт-рэсурсы, каляндар падзей, афіцыйныя старонкі ў сацсетках і, што асабліва важна, актуальны расклад заняткаў. Для зручнасці мабільных карыстальнікаў у Google Play таксама даступны дадатак «ГрДУ Памятка першакурсніку». Акрамя таго, ва ўніверсітэце ўжо даўно працуе і добра зарэкамендаваў сябе дадатак «Расклад ГрДУ» – ён робіць расклад заняткаў даступным у пару клікаў.
Купалаўскі ўніверсітэт заўсёды славіўся сваёй місіяй: выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага чалавека. Менавіта гэтай філасофіяй пранізаны ўсе арганізацыйныя сходы – яны закліканы натхніць маладых людзей на новыя здзяйсненні, задаць правільны вектар асобаснага і прафесійнага развіцця, а таксама паказаць, што ўніверсітэт становіцца для іх не проста месцам вучобы, а другім домам.