24 жніўня ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку падвялі вынікі насычанага тыдня навучання ў Летняй школе маладога аналітыка. У гэтым годзе праект упершыню выйшаў на міжнародны ўзровень, сабраўшы больш за 100 таленавітых аналітыкаў з Беларусі, Расіі і Кітая. Сярод лепшых – студэнты Купалаўскага ўніверсітэта.
Ад Купалаўскага ўніверсітэта ў Летняй школе бралі ўдзел студэнты трэцяга курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Вікторыя Акульчык і Ілья Памас; студэнткі чацвёртага курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Каўцэвіч, Сафія Мячына і Яўгенія Малевіч; студэнт трэцяга курса факультэта эканомікі і кіравання Усевалад Касянчук; студэнтка чацвёртага курса юрыдычнага факультэта Мар'я Марэцкая; студэнтка другога курса педагагічнага факультэта Мар'я Мацюк; студэнтка чацвёртага курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вераніка Мельнік і студэнтка трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Пташыц.
Галоўнай тэмай школы стала мадэляванне будучыні з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Удзельнікі вывучалі ўплыў ШІ на асобу, дзяржаву, бізнес і прамысловасць. Завяршэннем навучання стала абарона інавацыйных праектаў, у распрацоўцы якіх юнакам дапамагалі эксперты з Цэнтра лічбавага развіцця і кампаніі BelHard.
Кульмінацыяй апошняга дня стаў візіт Першага намесніка Прэм'ер-міністра Мікалая Снапкова, які абмеркаваў з моладдзю ключавыя выклікі будучыні. Галоўны пасыл выніковай сустрэчы: аналітычная праца страчвае сэнс без практычных вынікаў. «Пытанне заўсёды ў тым, як практычна нешта зрабіць», – адзначыў Снапкоў, заклікаўшы ўдзельнікаў ператвараць веды ў канкрэтныя рашэнні, а не проста ў прыгожыя высновы.
Госці наведвалі школу на працягу ўсёй змены. Удзельнікі паспелі паразмаўляць з Міністрам сувязі і інфарматызацыі Кірылам Залескім, Міністрам культуры Маратам Маркавым, Старшынёй ЦВК Ігарам Карпенкам і іншымі высокапастаўленымі службовымі асобамі.
Такі адказны падыход да навучання не прайшоў дарма. Для Вікторыі Акульчык навучанне ў Летняй школе аналітыка стала магчымасцю ўжо зараз пачаць развівацца ў сваёй будучай прафесіі.
– Летняя школа дала мне тыя магчымасці і той вопыт, якіх я больш нідзе б не атрымала. Мне часта даводзіцца перажываць, ці змагу я знайсці дастойную працу і папросту ўладкавацца ў свеце. За тыдзень я завяла столькі неверагодных знаёмстваў, колькі ў мяне ніколі не было, і ўжо зараз мне прапанавалі папрацаваць над буйным праектам, праявіць сябе, а можа, і ўвогуле прайсці стажыроўку. Школа маладога аналітыка дазволіла мне зірнуць на тое, як працуе дзяржава знутры і як менавіта дзейнічаюць аналітыкі. Думаю, гэтыя веды будуць дапамагаць мне ў маім наступным шляху, – падзялілася дзяўчына.
Дзелячыся ўражаннямі ад навучання, Усевалад Касянчук адзначыў, што сёлета падыход да арганізацыі стаў лепшы:
– Школа спадабалася новым падыходам у параўнанні з мінулымі сезонамі: акрамя класічных аналітычных работ, удзельнікі складалі свае пет-праекты і прататыпы цэлых сэрвісаў, якія можна ўкараняць як у бізнэсе, так і ў дзяржаўных установах. Асобна парадавала, што сярод ментараў з'явілася шмат прадстаўнікоў буйнога бізнэсу і IT-сферы, яны кожны дзень падтрымлівалі каманды і кансультавалі па складаных пытаннях.
Школа завяршылася, але гэта толькі пачатак. Арганізатары ўпэўнены, што найлепшыя праекты атрымаюць развіццё на зімовым форуме. Наперадзе - укараненне ідэй у рэальны сектар эканомікі і дзяржаўнае кіраванне.