У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы завяршаецца падрыхтоўка да новага навучальнага сезона. Для таго, каб адаптацыя першакурснікаў прайшла максімальна камфортна, у ВНУ распрацавалі лічбавых памочнікаў.
Адзін з іх – тэлеграм-бот «Памятка студэнта ГрДУ імя Янкі Купалы» Ён аб'ядноўвае ключавыя звесткі: структуру ўніверсітэта, кантакты адміністрацыі і факультэтаў, карысныя інтэрнэт-рэсурсы, каляндар падзей, афіцыйныя старонкі ў сацсетках і, што асабліва важна, актуальны расклад заняткаў.
Для зручнасці мабільных карыстальнікаў у Google Play таксама даступна дадатак «ГрДУ Памятка першакурсніку». Акрамя таго, ва ўніверсітэце ўжо даўно працуе і добра зарэкамендаваў сябе дадатак «Расклад ГрДУ» – ён робіць расклад заняткаў даступным у пару клікаў.
Нагадваем: першы званок для купалаўцаў прагучыць ужо праз некалькі дзён. Паспявайце ўсталяваць памочнікаў – і першы семестр стане прасцей!