Труд – крут! Менавіта пад такім дэвізам прайшоў працоўны семестр для 19 замежных студэнтаў, якія ўвайшлі ў склад будаўнічага студэнцкага атрада ўніверсітэта.
Рабяты працавалі ў навучальных карпусах і інтэрнатах ГрДУ імя Янкі Купалы,уносячы свой уклад у падрыхтоўку ВНУ да новага навучальнага года.
На цырымоніі ўзнагароджання да ўдзельнікаў звярнуўся Васіль Сянько, прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце: «Такі атрад сярод замежных студэнтаў сёлета сфарміраваўся ўпершыню. Падобнага досведу ва ўніверсітэце раней не было. І я абсалютна ўпэўнены, што вашым бацькам будзе вельмі прыемна пачуць словы падзякі за тое, як вы праявілі сябе - працавітымі, адказнымі і добрасумленнымі студэнтамі. Мы паступілі дваяк: копіі падзячных лістоў уручым вам, а арыгіналы накіруем менавіта вашым бацькам. Няхай яны ведаюць, што іх дзеці сталі часткай вялікай студэнцкай сям'і Купалаўскага ўніверсітэта і праявілі сябе з лепшага боку».
Ззаду – працоўныя будні, наперадзе – вучоба ў Купалаўскім універсітэце. Але атрыманыя навыкі, досвед каманднай працы і станоўчыя эмоцыі ад сумеснай працы хлопцы сапраўды пранясуць праз увесь навучальны год. І хто ведае, магчыма, у наступным годзе будаўнічы атрад з замежных студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы папоўніцца новымі байцамі. Бо Купалаўская ВНУ – гэта не толькі веды, але і магчымасці праявіць сябе!