18 жніўня ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку далі старт Летняй школе маладога аналітыка-2026. Ужо трэці раз яна адчыніла дзверы для амбіцыйнай моладзі, якая гатова прадстаўляць і ўвасабляць перадавыя ідэі. У гэтым годзе школа набыла статус міжнароднай, сабраўшы 100 маладых аналітыкаў з Беларусі, Расіі і Кітая, а таксама спецыялістаў з розных сфер. Сярод удзельнікаў – студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Ад Купалаўскага ўніверсітэта ў Летняй школе бяруць удзел студэнты трэцяга курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Вікторыя Акульчык і Ілья Памас, студэнткі чацвёртага курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Каўцэвіч, Сафія Мячына і Яўгенія Малевіч, студэнтка чацвёртага курса юрыдычнага факультэта Мар'я Марэцкая, студэнтка другога курса педагагічнага факультэта Мар'я Мацюк, студэнтка чацвёртага курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Вераніка Мельнік і студэнтка трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Пташыц.
Тэмай гэтага года стала мадэляванне будучыні Беларусі ва ўмовах развіцця штучнага інтэлекту. Падзяліўшыся на чатыры каманды, удзельнікі разгледзяць гэтую тэму з пункту гледжання грамадзян, дзяржавы, бізнесу і вытворчасці.
З прывітальным словам да прысутных звярнулася намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Кацярына Пятруцкая. Яна адзначыла важнасць маладзёжнага аналітычнага руху:
– Для нас вельмі важнае меркаванне таленавітай моладзі, бо яны здольныя прапаноўваць нестандартныя рашэнні. Прыемна, што праект набыў па-сапраўднаму міжнародны маштаб, аб'ядноўваючы лепшыя розумы з розных краін. Перакананая, што сінэргія культур і кампетэнцый дазволіць выйсці на новы ўзровень эфектыўнасці і падорыць нам па-сапраўднаму прарыўныя ідэі, якія лягуць у аснову будучых стратэгій.
Летняя школа маладога аналітыка паспела ўжо зарэкамендаваць сябе як пляцоўка для абмену вопытам, наладжвання дзелавых і сяброўскіх адносін, а таксама генерацыі новых ідэй. Дар'я Пташыц ужо другі раз удзельнічае ў Летняй школе маладога аналітыка і адзначае, што школа з'яўляецца месцам, дзе можна паразмаўляць з вядучымі экспертамі.
– Не так шмат пляцовак, дзе моладзь можа прапанаваць свае ідэі і абмеркаваць іх з кіраўнікамі такога ўзроўню. А міжнародны фармат школы дае новы погляд на звыклыя рэчы, калі ў адной камандзе збіраюцца студэнты з розных краін, нараджаюцца нестандартныя рашэнні, мы вучымся разумець адзін аднаго і шукаць адказы на агульныя выклікі, – адзначыла дзяўчына.
У рамках навучання ўдзельнікаў чакаюць эксклюзіўныя лекцыі і майстар-класы ад прызнаных экспертаў профільных міністэрстваў і ведамстваў, работа з экспертамі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і кампаніі BelHARD, практычныя сесіі па вырашэнні рэальных бізнес-кейсаў. У праграме запланаваны экскурсія ў індустрыяльны парк «Вялікі камень», паездка ў Брэст, а таксама культурныя і спартыўныя мерапрыемствы.
Школа працягнецца да 24 жніўня. Арганізатарамі выступілі грамадскае аб'яднанне «Маладзёжная аналітычная супольнасць» і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.