5-6 мая ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу «Брыганціна» прайшоў маштабны патрыятычны злёт моладзі «Святло Вялікай Перамогі». Мерапрыемства сабрала больш за 200 студэнтаў з універсітэтаў Беларусі і Расіі, каб ушанаваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Тэматыкай форуму сёлета стаў уклад жанчын у Перамогу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Узгадаць вялікіх асоб сабраліся ўдзельнікі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Уладзімірскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Р. і Н.Г. Сталетавых, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Іванаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Расійскага ўніверсітэта сяброўства народаў і Курскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Купалаўскі ўніверсітэт на мерапрыемстве прадставілі студэнты трох факультэтаў: студэнткі першага курса педагагічнага факультэта Злата Гуз і Марыя Кацюра, студэнтка другога курса педагагічнага факультэта Селбі Акмамедава, студэнткі другога курса інжынернага факультэта Анастасія Навумчык, Вікторыя Ацьман і Алісія Салей, а таксама студэнтка першага курса фізіка-тэхнічнага факультэта Марыя Кунцэвіч. Суправаджаючым выступіла намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце інжынернага факультэта Вольга Кітурка.
Цягам двух дзён удзельнікаў форуму чакала насычаная праграма. Хлопцы рыхтавалі і абаранялі камандныя праекты, у якіх у творчым фармаце расказвалі пра лёсы і подзвігі жанчын-герояў Савецкага саюза, правяралі свае сілы ў ваенна-спартыўным спаборніцтве «Курс маладога байца» і дэманстравалі свае веды гісторыі ў віктарыне «Нам дадзена права памятаць». Таксама для ўдзельнікаў прайшоў круглы стол з запрошанымі экспертамі, падчас якога яны абмяркоўвалі і аналізавалі гістарычныя падзеі і захаванне гістарычнай памяці.
Акрамя адукацыйных мерапрыемстваў, студэнты прынялі ўдзел у конкурсе бардаўскай песні і тэматычнай дыскатэцы, а таксама ўсклалі кветкі да стэлы «Мінск – горад-герой» і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Фіналам сустрэчы сталі канцэрт і цырымонія ўзнагароджання. Форум «Святло Вялікай Перамогі» ператварыўся не толькі ў адукацыйную пляцоўку, але і ў месца памяці аб вялікім подзвігу, дзе зарадзіліся новыя сяброўскія сувязі паміж моладдзю дзвюх краін.