4 мая цэнтр Гродна стаў сапраўднай спартыўнай арэнай. Тут прайшла юбілейная, 80-я адкрытая гарадская лёгкаатлетычная эстафета на прызы тэлеканала "Гродна Плюс". На старт выйшлі больш за 550 бегуноў. У іх ліку - прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Арганізатарам эстафеты выступіў гарадскі фізкультурна-спартыўны клуб і тэлеканал "Гродна Плюс".
Удзельнікамі эстафеты сталі прадстаўнікі гродзенскіх прадпрыемстваў, арганізацый, ВНУ, ССНУ, каледжаў, школ, а таксама гімназій і ліцэяў. ГрДУ імя Янкі Купалы на спаборніцтве прадставіў факультэт фізічнай культуры. У кожнай камандзе было 11 бегуноў - восем хлопцаў і тры дзяўчыны.
Дыстанцыя склала каля 4,5 кіламетра і прайшла па цэнтральных вуліцах і знакавых месцах Гродна. Забег пачаўся на плошчы Тызенгаўза, а завяршыўся на вуліцы Дзяржынскага. Удзельнікі прабеглі па вуліцах Свярдлова, Будзёнага, Ціміразева і 17 Верасня, а таксама побач з вядомымі воданапорнымі вежамі "Кася" і "Бася" і чыгуначным вакзалам.
Эстафета стала абавязковым этапам гарадской Спартакіяды, таму барацьба на дыстанцыі выдалася напружанай. Пераможцаў вызначалі па найлепшым часе. Лепшыя каманды атрымалі кубкі, дыпломы і спецыяльныя прызы ад тэлеканала "Гродна Плюс".