Учора, 14 красавіка, студэнцкі навукова-даследчы гурток «НіКа» факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму зладзіў краязнаўчую экскурсію па Шчучынскаму раёну. Кіраўніком мерапрыемства выступіў Аляксандр Горны, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін.
Маршрут экскурсіі быў надзвычай насычаным. Студэнты завіталі ў Шчучын, дзе пазнаёміліся з архітэктурнай спадчынай былога калегіума піяраў і храмам святога Міхаіла Архангела. Наперадзе іх чакалі сапраўдныя каталіцкія святыні – Троіцкі касцёл у Ішчалне і велічны касцёл святых Пятра і Паўла ў Старых Васілішках.
Цэнтральнай падзеяй выезду стала ўшанаванне памяці Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Сімвалічна, што вандроўка прымеркавана да 150-годдзя са дня нараджэння славутай пісьменніцы і Года беларускай жанчыны. На магіле Цёткі студэнты і навуковы кіраўнік гуртка «НіКа» усклалі кветкі і запалілі знічкі, а над могілкамі гучалі яе бессмяротныя вершы – як даніна павагі і любові да роднага слова.
Фінальным акордам падарожжа стала наведванне народнага музея Цёткі ў Астрынскай сярэдняй школе. Дзякуючы цікавай і глыбокай экскурсіі кіраўніцы музея Алы Балобан, постаць пісьменніцы адкрылася для студэнтаў з новых, раней невядомых бакоў. Гэтая вандроўка стала не проста навуковай падзеяй, а сапраўдным урокам патрыятызму і вернасці сваім караням.