З 7 па 8 красавіка, у Гродне на базе ўпраўлення МНС, ПАСА МНС, а таксама на возеры Юбілейным адбыўся абласны этап конкурсу «Студэнты. Бяспека. Будучыня - 2026», удзельнікамі якога сталі каманды ГрДУ імя Янкі Купалы, ГрДМУ і ГДАУ. Арганізатары конкурсу ўпэўнены, што студэнты, якія прайшлі выпрабаванні, не разгубяцца ў надзвычайнай сітуацыі.
У рамках абласнога этапу конкурсу камандам універсітэтаў трэба было пераправіцца праз вадаём па канаце, выратаваць умоўнага тапельца, дастаць з вады небяспечны груз з лодкі, якая перавярнулася, а таксама пераправіцца на плыце.
Конкурс праходзіў у 7 этапаў. У конкурсах "Аказанне медыцынскай дапамогі", "Сцежка выжывання" каманда нашага універсітэта заваявала першыя месцы; Мы апынуліся на першым месцы конкурсу "НС на вадзе", які складаўся з 3 этапаў: пераправа, плыт і небяспечныя грузы і конкурсу "НС тэхнагеннага характару", які таксама складаўся з 3 этапаў: ДТЗ, цягнік і калодзеж. У конкурсе «Паласа перашкод» купалаўцы забралі другое месца, а ў «Знатоках АБЖ» аказаліся трэцімі.
Па выніках усіх конкурсных этапаў, ганаровае першае месца заваявала каманда Купалаўскага ўніверсітэта, якая прадставіць Гродзенскую вобласць у фінальным этапе конкурсу, які будзе праходзіць на базе палігона ў Мінскай вобласці з 18 па 22 мая.