З 24 сакавіка па 2 красавіка фізіка-тэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыняў у сваіх сценах доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, акадэміка Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Казахстан, замежнага члена Расійскай Акадэміі Натуральных Навук, загадчыка кафедры фізікі Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Абая Уладзіміра Косава. Сустрэча прайшла ў рамках праграмы "Запрошаны прафесар".
За дзесяць дзён Уладзімір Косаў правёў серыю лекцыйных і практычных заняткаў для студэнтаў першага і другога курса спецыяльнасцей "Фізіка" і "Камп'ютарная фізіка", а таксама для студэнтаў першага курса спецыяльнасцей "Робататэхнічныя сістэмы" і "Інфармацыйна-вымяральныя прыборы і сістэмы".
У рамках лекцыйных заняткаў Уладзімір Мікалаевіч прадставіў студэнтам свае навуковыя распрацоўкі ў цыкле лекцый "Ад малекулы да тэхналогіі". Таксама падчас свайго знаходжання ў Купалаўскім універсітэце запрошаны прафесар наведаў навуковыя і навучальныя лабараторыі фізіка-тэхнічнага факультэта.
Завяршылася праграма прыёму сустрэчай Уладзіміра Косава з прарэктарам па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Лявонціем Паўлавым, а таксама з загадчыкамі кафедр і кіраўніцтвам фізіка-тэхнічнага факультэта. Бакі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў навучальнай, навуковай і праектнай дзейнасці.