У мінулую пятніцу, 3 красавіка, студыя тэлеканала «Беларусь 4 Гродна» напоўнілася атмасферай прыгажосці і таленту. Пераможцы і арганізатар самага чаканага маладзёжнага праекта ВНУ – конкурсу «Міс і Містэр універсітэт» – сталі галоўнымі героямі ток-шоу «Вокны горада».
У здымках прынялі ўдзел спецыяліст аддзела культурна-масавай і забаўляльнай дзейнасці ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы, мастацкі кіраўнік праекта Віялета Куроўская; студэнт юрыдычнага факультэта, уладальнік тытула Містэр універсітэт – 2024 Ілля Гарошка; студэнт факультэта фізічнай культуры, уладальнік тытула Містэр універсітэт – 2026 Гардзей Перадзярэеў; студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі, уладальніца тытула Міс універсітэт – 2026 Улада Дзянішчык; студэнт факультэта эканомікі і кіравання, уладальнік тытула «Кароль студэнцтва 2026» Сяргей Воўк і студэнтка юрыдычнага факультэта, уладальніца тытула «Каралева студэнцтва 2026» Анастасія Асташкевіч.
– Здаецца, зусім нядаўна, будучы студэнткай Купалаўскага ВНУ я з дрыготкімі каленкамі стаяла на сваім конкурсе прыгажосці. Мне было 18 гадоў, і ён быў адным з першых маіх конкурсаў, – падзялілася Віялета Куроўская. – Вядома, памянялася многае. Пачынаючы ад арганізацыі, калекцый, конкурснай праграмы, ну і да студэнтаў.
Віялета Андрэеўна таксама падзялілася новаўвядзеннямі сёлетняга конкурсу: калекцыі, прымеркаваныя да Года беларускай жанчыны; адноўлены конкурс аратарскага мастацтва. Самым кранальным момантам стала прадстаўленне ўдзельнікаў іх бацькамі – гледачы змаглі пазнаёміцца з імі яшчэ да пачатку конкурсу.
Кожны ўдзельнік падзяліўся тым, што звычайна ўтоена ад вачэй гледачоў: асабістым вопытам удзелу ў конкурсе, эмоцыямі, праходжаннем кастынгу, падрыхтоўкай творчых нумароў, а таксама шматгадзіннымі рэпетыцыямі.
Для кожнага конкурс стаў не проста спаборніцтвам за тытул, а сапраўднай школай асобаснага росту, якая навучыла верыць у сябе, спраўляцца з хваляваннем і ўпэўнена ісці да мэты.