З 9 па 22 красавіка ў Беларусі будзе праходзіць рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы традыцыйна выступіць ВНУ-каардынатарам. Для правядзення ЦТ будуць задзейнічаны 7 карпусоў па адрасе: вул. Ажэшкі, 22; вул. Леніна, 32; вул. Захарава, 32; зав. Даватара, 3 /1; вул. Гаспадарчая, 23; вул. Горкага, 84; вул. Кастрычніцкая, 5.
Цэнтралізаваны іспыт і Цэнтралізаванае тэсціраванне – гэта формы выніковай атэстацыі і ўступных іспытаў. ЦЭ – абавязковы выпускны экзамен для 11-класнікаў, які замяняе школьныя экзамены і ўлічваецца пры паступленні. ЦТ – уступны экзамен для абітурыентаў, якія паступаюць у ВНУ.
26 мая цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне пройдуць па наступных прадметах: грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, геаграфія, гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. 29 мая ЦЭ і ЦТ пройдзе па двух прадметах: беларуская мова і руская мова. ЦТ па матэматыцы, біялогіі, замежнай мове і геаграфіі пройдуць 2 чэрвеня, а 5 чэрвеня можна будзе прайсці ЦТ па грамадазнаўстве, хіміі, фізіцы, гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі.
Рэзервовымі днямі вызначаны: 19, 21, 23 чэрвеня. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні – з 9 па 12 чэрвеня. Сертыфікаты з вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання будуць выдавацца з 1 ліпеня.
Заяву для ўдзелу ў ЦТ можна падаць адным з двух спосабаў: першы – запоўніць электронную форму на сайце РІКВ у адпаведнасці з інструкцыяй; другі – асабіста, наведаўшы адзін з пунктаў рэгістрацыі, маючы пры сабе дакумент (копію дакумента), які сведчыць асобу (пашпарт, ID-карта (пластыкавая смарт-карта), від на жыхарства, пасведчанне бежанца або даведка, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, які сведчыць асобу).