У Педагагічным універсітэце Цылу завяршыліся першыя два курсы ў рамках эксперыментальнай сумеснай адукацыйнай праграмы «Біялогія 4+0». Вучылі кітайскіх студэнтаў выкладчыкі факультэта біялогіі і экалогіі Анастасія Саковіч і Лізавета Узлова.
Заняткі праходзілі на працягу трох тыдняў з 16 сакавіка па дысцыплінах «Метады лабараторных даследаванняў у батаніцы» і «Неарганічная хімія».
Паводле слоў нашых выкладчыкаў, асаблівая ўвага была ўдзелена кантролю якасці навучальнага працэсу. На працягу ўсяго перыяду рэгулярна праводзіліся рабочыя сустрэчы для маніторынгу ходу рэалізацыі курсаў, абмеркаванне бягучых вынікаў і аператыўнае вырашэнне пытанняў.
Ключавым момантам прафесійнага абмену стала наведванне купалаўцамі заняткаў сваіх калег з універсітэта Цылу. Гэта дазволіла бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі сістэмы вышэйшай адукацыі Кітая, абмяняцца педагагічным досведам і пашырыць падыходы да арганізацыі навучальнага працэсу.
Сваімі ўражаннямі ад працы з кітайскімі калегамі падзялілася загадчык кафедры хіміі і біятэхналогіі Лізавета Узлова:
– Працаваць з кітайскім бокам было пазнавальна. Цікава было ўбачыць тэмп працы студэнтаў і тое, як яны рыхтуюцца да заняткаў у сябе, бо гэта адрозніваецца ад таго, як яны вучацца ў нас. Рабяты, з якімі мы працавалі, былі вельмі дысцыплінаванымі і актыўнымі. Яны заўсёды адказна наведвалі заняткі і выконвалі дамашнія заданні.
Таксама яна адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі Педагагічнага ўніверсітэта Цылу ў пытанні прыёму і размяшчэння замежных гасцей, а таксама стварэння камфортных умоў працы. Кітайскі бок падрыхтаваў усе неабходныя для заняткаў матэрыялы, а таксама вылучыў асістэнтаў, якія дапамагалі вырашыць любое пытанне.
- Асаблівую цікавасць выклікала сур'ёзнае стаўленне да бяспекі на лабараторных занятках. Гэта быў няпросты, але вельмі цікавы досвед. Мы атрымалі шмат новых ведаў ад кітайскіх калег, якія будзем выкарыстоўваць у нашай працы, – падкрэсліла Лізавета Валянцінаўна.