Учора, 26 сакавіка, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы расчыніў свае дзверы для 40 чалавек студэнцкага актыву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў рамках рэспубліканскага праекта «Студэнцкі мост: моладзевая мабільнасць як інструмент развіцця партнёрства, абмен ідэямі і інавацыямі».
«Студэнцкі мост» – гэта новы рэспубліканскі адукацыйны праект у Беларусі, запушчаны ў сакавіку бягучага года для прамога абмену вопытам паміж студактывамі ВНУ па ўкараненні лепшых практык у галіне адукацыі, сацыяльнай і забаўляльнай дзейнасці, паляпшэння якасці студэнцкага жыцця праз фармат інтэнсіўнага апускання.
Першымі студэнтаў БДУ сустрэлі моладзевыя арганізацыі нашага ўніверсітэта: прафсаюзны камітэт навучэнцаў, грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і Студэнцкая рада ГрДУ імя Янкі Купалы. Для гасцей падрыхтавалі творчыя нумары і пачастункі, а вечарам арганізавалі экскурсію па горадзе Гродне.
Сёння раніцай, 27 сакавіка, студэнты сталічнай ВНУ з самага парога змаглі акунуцца ў насычанае жыццё Купалаўскага ўніверсітэта. У рамках праекту «Кожная пятніца – роднае, сваё» была арганізавана традыцыйная ранішняя акцыя, а таксама інтэрактыўная пляцоўка, прымеркаваная да фестывалю «Наўруз Байрам». Дэлегацыю сустрэлі з караваем і добрымі пажаданнямі.
Пазнаёмілі студэнцкі актыў БДУ і з нашым універсітэтам. Для дэлегацыі правялі экскурсію па Музеі гісторыі развіцця Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама пазнаёмілі з галерэяй «Universum», якая ўключае ў сябе творчыя працы студэнтаў нашага ўніверсітэта.
У рамках праекта прайшоў круглы стол «Выклікі і рашэнні студэнцкага жыцця» з прэзентацыяй дзейнасці студэнцкіх арганізацый універсітэта. З дакладамі выступілі старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў ГрДУ імя Янкі Купалы Вадзім Гунько, сакратар грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ГрДУ імя Янкі Купалы Ягор Бухгароўскі і старшыня Студэнцкай рады ГрДУ імя Янкі Купалы Карына Місцюк. Акрамя таго, прайшло абмеркаванне «Дарожнай карты супрацоўніцтва».
Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
– Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы даўно і паспяхова сябруюць паміж сабой. Я хачу сказаць не без гонару, што рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – выпускнік Купалаўскага ўніверсітэта. Андрэй Дзмітрыевіч Кароль, перш чым стаць рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся студэнт 1 курса факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігнат Каліненка:
– Купалаўскі ўніверсітэт – універсітэт узорна-паказальны, нас вельмі добра сустрэлі. Назіраючы тут за людзьмі ў фармальнай і нефармальнай абстаноўцы, асабіста для сябе я выявіў якасці, якія хацеў бы мець, і напрамкі, у якіх хацеў бы развівацца. Лічу, што «Студэнцкі мост» атрымаўся, і сённяшні дзень выдатна адаб'ецца на развіцці адносін паміж нашымі ўніверсітэтамі.
Не абышлося і без творчых мерапрыемстваў. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прынялі ўдзел у IX Адкрытым Фестывалі «Наўруз Байрам», наведаўшы выставу «Калейдаскоп творчасці», дзе замежныя студэнты Купалаўскага ўніверсітэта з сямі краін – Туркменістана, Узбекістана, Азербайджана, Кітая, Венесуэлы, Беларусі і Расіі – прадставілі свае нацыянальныя стравы, а ўсе жадаючыя змаглі іх паспрабаваць. У рамках фестывалю госці таксама далучыліся да танцавальнага флэшмобу, дзе свае танцы прадэманстравалі студэнты з Туркменістана і Узбекістана.
Развітваючыся, удзельнікі праекта сышліся ў адным: «Студэнцкі мост» прайшоў паспяхова. Сталічная дэлегацыя павезла з сабой не толькі яркія фота, незабыўныя ўспаміны і рэцэпты нацыянальных кухняў, але і дакладнае разуменне: патэнцыял беларускага студэнцтва бязмежны, калі ВНУ працуюць у адзіным рытме.