
У ГрДУ імя Янкі Купалы 20 сакавіка адбылася VIII Міжнародная навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя студэнтаў і маладых даследчыкаў "Медыякамунікацыі ў XXI стагоддзі: традыцыі і навацыі". Даклады прадставілі больш за 100 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Кітая. Пленарнае і сем секцыйных пасяджэнняў канферэнцыі прайшлі ў вочна-дыстанцыйным фармаце на беларускай, рускай і англійскай мовах. Арганізатарам навуковага форума выступіла кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі з прывітальным словам, старшыня праграмнага камітэта канферэнцыі, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, доктар гістарычных навук, прафесар Віктар Белазаровіч адзначыў: «Менавіта ў асяроддзі маладых даследчыкаў найбольш востра ўсведамляецца неабходнасць навуковага асэнсавання працэсаў трансфармацыі медыякамунікацый. Удзел у навуковай канферэнцыі - гэта важнейшы інструмент развіцця навыкаў самастойнай даследчай працы. Гэта магчымасць заявіць пра сябе, праверыць свае ідэі ў дыскусіі і, што не менш каштоўна, устанавіць першыя міжнародныя кантакты, якія ў будучыні могуць перарасці ў вялікае навуковае супрацоўніцтва».
У прывітальным слове старшыні Савета маладых вучоных, кандыдата юрыдычных навук Барыса Балахонава прагучаў заклік да маладых вучоных упэўнена апускацца ў тэматыку навуковых даследаванняў і не спыняцца ў пошуку новых ідэй.
У зоне пільнай увагі ўдзельнікаў канферэнцыі – актуальныя тэндэнцыі развіцця медыясферы: ад класічнай журналістыкі да новых медыя, ад жанру прыпеўкі ў савецкай прэсе да тэатральнай крытыкі ў блогасферы. На палях канферэнцыі абмеркавана тэма лічбавай трансфармацыі, якая адбываецца пад уплывам штучнага інтэлекту: гэта тэхналогія сёння мяняе традыцыі прафесійнай камунікацыі і саму прыроду зносін паміж людзьмі.
Лепшыя даклады маладых даследчыкаў узнагароджаны дыпломамі I, II, III ступені. Удзельнікі канферэнцыі, для якіх навуковы форум стаў першым крокам у навуку, адзначаны дыпломамі ў намінацыі "Навуковы дэбют".
Па выніках канферэнцыі будзе падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, які пройдзе дэпаніраванне ў навуковай бібліятэцы ГрДУ імя Янкі Купалы.