Учора, 17 сакавіка, і сёння, 18 сакавіка, прадстаўнікі інжынернага факультэта і Студэнцкага савета Купалаўскага ўніверсітэта напярэдадні Дня памяці ахвяр Хатынскай трагедыі наведалі Брацкую магілу ваеннапалонных, ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якая размяшчаецца на могілках «Аульс».
Прадстаўнікі інжынернага факультэта абнавілі імёны загінуўшых залатой фарбай, правялі ўборку тэрыторыі вакол памятнага месца, а таксама ўсклалі кветкі і запалілі лампаду. Члены Студэнцкага савета ГрДУ імя Янкі Купалы прыбралі дарожкі і прылеглую тэрыторыю, а таксама прывялі ў парадак помнік.
Сваім меркаваннем аб мерапрыемстве падзялілася старшыня Студэнцкага савета ГрДУ імя Янкі Купалы, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Місцюк.
- Для нас гэта не проста грамадская праца - гэта праява павагі да гісторыі і адказнасці перад будучымі пакаленнямі. Асабліва каштоўна бачыць, што студэнты праяўляюць ініцыятыву, аб'ядноўваюцца і робяць сапраўды важныя справы! Такія мерапрыемствы фарміруюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і пачуццё дачынення да захавання памяці. Ганаруся нашай камандай і кожным, хто не застаўся ў баку! Дзякуй усім, хто адгукнуўся і прыняў удзел - разам мы робім важную справу, - адзначыла Карына Місцюк.
Такія ініцыятывы пацвярджаюць, што для купалаўцаў памяць аб подзвігу продкаў жывая не толькі ў словах, але і ў канкрэтных справах. Догляд мемарыялаў застаецца важнай традыцыяй універсітэта, які аб'ядноўвае пакаленні ў імкненні захаваць гістарычную праўду.