16 сакавіка загадчык кафедры хіміі і біятэхналогіі Купалаўскага ўніверсітэта Лізавета Узлова і дацэнт кафедры сістэмнай біялогіі Анастасія Саковіч пачалі чытанне курсаў у рамках эксперыментальнай сумеснай адукацыйнай праграмы «Біялогія 4+0» у Педагагічным універсітэце Цылу Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Праграма будзе доўжыцца амаль тры тыдні, у рамках якой Анастасія Аляксандраўна і Лізавета Валянцінаўна правядуць як лекцыйныя, так і лабараторныя заняткі па дысцыплінах «Метады даследаванняў у батаніцы» і «Неарганічная хімія».
Сваімі эмоцыямі наконт эксперыментальнай сумеснай адукацыйнай праграмы ў Кітаі падзялілася Анастасія Саковіч, дацэнт кафедры сістэмнай біялогіі.
– Першы дзень заняткаў прайшоў вельмі добра. Асабліва хачу адзначыць, што кітайскія студэнты вельмі актыўныя – ім цікава вучыцца. Навучанне тут сучаснае і тэхналагічнае: на нашых занятках заўсёды ёсць асістэнты, а лекцыі запісваюцца, бо асістэнты за намі будуць весці заняткі. Мне ўдалося здзівіць калег: калі мы казалі пра біяразнастайнасць, я паказала, як вызначаць расліны на тэрыторыі кампуса. Для людзей, якія звычайна выкарыстоўваюць лічбавыя дадаткі, гэта было сапраўдным сюрпрызам і добрым пацвярджэннем нашых ведаў і ўменняў, – падкрэсліла Анастасія Аляксандраўна.
Таксама ў рамках знаёмства з кампусам Педагагічнага ўніверсітэта Цылу для выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы была праведзена экскурсія не толькі па навучальных лабараторыях, але і па гістарычнай галерэі. Акрамя таго, Педагагічны ўніверсітэт Цылу наведаў віцэ-губернатар правінцыі Шаньдун.
Даведачна: курсы ў рамках эксперыментальнай сумеснай адукацыйнай праграмы «Біялогія 4+0» у Педагагічным універсітэце Цылу Кітайскай Народнай Рэспублікі прадугледжваюць падрыхтоўку бакалаўраў па сумеснай адукацыйнай праграме па спецыяльнасці «Біялогія» (схема «4+0»). Тэрмін атрымання адукацыі складае 4 гады. Падчас навучання выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта правядуць не менш за 30% навучальных дысцыплін і вучэбных гадзін; забяспечваюць выкладанне асноўных і прафесійных дысцыплін згодна з патрабаваннямі «чатырох патрабаванняў адной трэці» Міністэрства адукацыі Кітая; арганізуюць і правядуць выніковую атэстацыю студэнтаў, у тым ліку дзяржаўны экзамен і абарону дыпломнага праекта (работы).