Сёння, 12 сакавіка, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы стартаваў цыкл традыцыйных сустрэч рэктара Ірыны Кітуркі са студэнтамі і выкладчыкамі. Першай пляцоўкай для адкрытага дыялога стаў інжынерны факультэт.
Сустрэча з будучымі інжынерамі прайшла ў цёплай і давернай атмасферы. Звяртаючыся да моладзі, рэктар Ірына Фёдараўна падкрэсліла асаблівую ролю студэнтаў у жыцці ВНУ.
- Галоўныя ва ўніверсітэце - студэнты. Рэктар, прарэктары, дэканы, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі існуюць для вас! Існуюць для таго, каб навучыць вас тым кампетэнцыям, якія вы павінны ведаць і ўмець прымяняць пасля заканчэння вучобы па вашай выбранай спецыяльнасці. Існуюць для таго, каб выявіць, раскрыць і рэалізаваць ваш патэнцыял. Мы для вас! – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Асаблівая ўвага была нададзена адкрытасці кіраўніцтва ўніверсітэта да любых ініцыятыў і праблем. Прынцып "няма невырашальных пытанняў" стаў асновай сустрэчы: студэнтаў заклікалі не саромецца дзяліцца прапановамі і цяжкасцямі. Таксама падчас размовы рэктар закранула тэму сямейных каштоўнасцей.
- Сям'я стымулюе і дае ўпэўненасць! – падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
У рамках сустрэчы таксама абмеркавалі Год беларускай жанчыны, навучанне на ваеннай кафедры, перспектывы працаўладкавання, а таксама сістэму аплаты навучання і магчымасці атрымання скідак.
Дыялог працягнуўся сустрэчай з выкладчыцкім складам інжынернага факультэта. Рэктар Ірына Кітурка выказала глыбокую падзяку калегам за высокі прафесіяналізм і важкі ўклад у развіццё Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.