12 сакавіка ў Музеі гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя значнай навуковай працы - манаграфіі Валерыя Мікалаевіча Чарапіцы "Здобытыя зноў імёны: гісторыка-літаратурныя нарысы пра пісьменнікаў Расіі - ураджэнцаў Беларусі (сярэдзіна XIX - пачатак XX стагоддзя)".
Мадэратарам сустрэчы выступіў дырэктар навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько. Асаблівую значнасць мерапрыемству надалі выступленні рэцэнзентаў манаграфіі: прафесара кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі, доктара педагагічных навук Віктара Таранцея і намесніка дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, кандыдата гістарычных навук Наталлі Улейчык.
Манаграфія Валерыя Мікалаевіча Чарапіцы - гэта вынік шматгадовай карпатлівай працы. У цэнтры ўвагі аўтара аказаліся лёсы і творчасць вядомых пісьменнікаў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, чыё жыццё і дзейнасць сталі неад'емнай часткай рускай літаратуры. Кніга робіць значны ўнёсак у разуменне ролі нашых землякоў у рускай літаратуры.
Прэзентацыя аб'яднала студэнтаў філалагічнага факультэта і факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта. Фармат жывога дыялогу дазволіў будучым філолагам і гісторыкам не толькі пачуць асноўныя ідэі аўтара, але і абмеркаваць яго высновы, задаць пытанні і падзяліцца ўласнымі разважаннямі аб важнасці захавання культурнай спадчыны.