10 сакавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы далі старт юбілейнаму дзесятаму навучальнаму семінару «Школа важацкага майстэрства». Удзельнікамі семінара сталі каля 300 студэнтаў, якія плануюць працаваць у дзіцячых аздараўленчых лагерах у складзе студэнцкіх педагагічных атрадаў універсітэта.
Навучанне пройдзе з 10 сакавіка па 14 красавіка. Студэнтаў чакае насычаная праграма, якая ўключае тэарэтычныя і практычныя заняткі, а таксама трэнінгі. У рамках навучання ўдзельнікі семінара пазнаёмяцца з арганізацыяй эфектыўнай работы з байцамі студэнцкага педагагічнага атрада і спецыфікай работы ва ўмовах дзіцячага аздараўленчага лагера. Таксама будучым важатым раскажуць аб асновах працоўнага заканадаўства, ахове працы, тэхніцы бяспекі пры рабоце з дзецьмі і навучаць аказанню першай даўрачэбнай дапамогі.
Спікерамі семінара выступяць запрошаныя выкладчыкі, педагогі са школ і дырэктары лагераў. Яны раскажуць слухачам аб арганізатарскай дзейнасці выхавацеля і яго службовых абавязках, псіхалогіі паводзін дзяцей. Таксама яны падзеляцца методыкамі афармлення атрадных куткоў і арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці.
Па выніках семінара ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты аб паспяховым заканчэнні навучання ў «Школе важацкага майстэрства».