У гонар Сусветнага дня паэзіі, які адзначаецца 21 сакавіка, Купалаўскі ўніверсітэт запрашае студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, работнікаў універсітэта і навучэнцаў каледжаў прыняць удзел у творчым конкурсе чытальнікаў. Мерапрыемства адбудзецца 20 сакавіка а 14:00.
Мэтай конкурсу чытальнікаў з'яўляецца папулярызацыя беларускай і рускай літаратуры, павышэнне цікавасці да чытання, прапаганда культуры публічнага выступлення і прамоўніцкага майстэрства, выяўленне і падтрымка таленавітых работнікаў і навучэнцаў.
Для ўдзелу неабходна падабраць і падрыхтаваць адзін вершаваны твор і прачытаць яго па памяці. Пераможцаў вызначаць у трох намінацыях: «Аўтарскае чытанне» – для тых, хто гатовы прадставіць публіцы свае ўласныя вершы, падзяліўшыся ўнікальным бачаннем свету. «Мастацкае чытанне» – для дэкламацыі вершаў іншых аўтараў. «Хатынь: радкі памяці» – спецыяльная намінацыя, прысвечаная ўшанаванню памяці аб трагедыі ў Хатыні.
Заяўку для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 16 сакавіка па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 308 ці на адрас электроннай пошты csi@grsu.by. З падрабязнымі ўмовамі і правіламі конкурсу можна азнаёміцца, перайшоўшы па спасылцы.