Каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы "Beavers0" паспяхова выступіла на спаборніцтвах па кібербяспецы і заняла пятае месца.
19 лютага ў Екацярынбургу прайшоў фінал Маладзёжнай праграмы форуму "Кібербяспека ў фінансах". Ад Купалаўскага ўніверсітэта ў мерапрыемстве прыняла ўдзел каманда «Beavers0», удзельнікамі якой сталі студэнты 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Іван Саванец, Мікіта Кісель, Аляксей Чычкан і студэнты 3 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Іван Канапацкі і Глеб Шадура.
Іх шлях да фіналу быў няпростым. Заяўкі на ўдзел у кіберчэмпіянаце падалі амаль 1600 студэнтаў са 123 гарадоў Расіі і Рэспублікі Беларусь, якія навучаюцца па напрамках інфармацыйнай і кібербяспекі. Падчас адборачнага этапу ўдзельнікі прайшлі практычную падрыхтоўку па інфармацыйнай бяспецы ад Банка Расіі, затым іх чакаў анлайн-этап у фармаце CTF-спаборніцтваў. У выніку 10 наймацнейшых каманд адправіліся на вочны этап у Екацярынбург, каб пазмагацца за прызавыя месцы.
У паўфінале каманды праходзілі выпрабаванні на кіберпалігоне, які мадэлюе ўразлівасці лічбавай інфраструктуры кампаній. З дадзеным выпрабаваннем справіліся 5 каманд, якія прайшлі ў фінал. Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы была сярод фіналістаў.
Па выніку фінальнага этапу кіберчэмпіянату каманда «Beavers0» Купалаўскага ўніверсітэта заняла пятае месца, прадэманстраваўшы свае веды і неверагоднае імкненне да перамогі.
Віншуем рабят і жадаем іх далейшых поспехаў!