16 лютага прадстаўнікі фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сталі гасцямі ток-шоу "Вокны горада". Тэма праграмы - удзел у абласным этапе конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці "ТэхнаІнтэлект".
ГрДУ імя Янкі Купалы на ток-шоу прадставілі дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Аляксандр Варанцоў; загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі фізіка-тэхнічнага факультэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Андрэй Герман; старшы выкладчык кафедры інфармацыйных сістэм і тэхналогій фізіка-тэхнічнага факультэта Валерый Ступакевіч і студэнт чацвёртага курса спецыяльнасці "Інфармацыйна-вымяральная тэхніка" фізіка-тэхнічнага факультэта Іван Савін.
Пра тое, як праходзіў абласны этап 15-га конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці "ТэхнаІнтэлект", расказала дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іна Бачко. Паводле яе слоў, сёлета цікавасць да конкурсу значна вырасла: на конкурс было пададзена 118 работ, што нашмат больш, чым летась.
- Работы былі прадстаўлены практычна з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Самую вялікую колькасць прадставіў горад Гродна, затым Лідскі, Слонімскі і Ашмянскі раёны, - адзначыла Іна Бачко.
Аляксандр Варанцоў, Андрэй Герман, Валерый Ступакевіч і Іван Савін увайшлі ў склад журы конкурсу. У час праграмы яны падзяліліся сваімі эмоцыямі ад працы ў рамках конкурсу «ТэхнаІнтэлект».
Купалаўцы не толькі расказалі аб тым, як праходзіў конкурс, але і падзяліліся праектамі, якія ўразілі іх больш за ўсё. Андрэй Герман адзначыў, што шэраг прадстаўленых праектаў па сваёй складанасці і прапрацоўцы адпавядалі ўзроўню інжынераў з вялікім стажам работы.
У ходзе гутаркі ўдзельнікі таксама падзяліся меркаваннем аб тым, які ён, сучасны інжынер, і разважаннямі наконт выкарыстання ў сферы інжынерыі штучнага інтэлекту.
У канцы ток-шоу госці праграмы далі парады школьнікам, якія жадаюць у будучыні звязаць сваё жыццё з інжынерным напрамкам.
Запрашаем паглядзець поўны выпуск праграмы па спасылцы.