Фінал шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды адбудзецца 21 - 22 лютага. Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені атрымаюць права на залічэнне ва ўніверсітэт без уступных іспытаў пры паступленні на спецыяльнасці, якія адпавядаюць вучэбнаму прадмету профільнай алімпіяды.
Да ўдзелу ў заключным этапе дапушчаны 718 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усёй Беларусі. Найбольшая колькасць заявак – па матэматыцы, паколькі пераможцы гэтай алімпіяды атрымаюць права на залічэнне без уступных іспытаў на 10 спецыяльнасцей.
Алімпіяды па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Біялогія», «Гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» і «Руская мова. Руская літаратура» пройдуць 21 лютага. А алімпіяды па вучэбных прадметах «Англійская мова», «Беларуская мова. Беларуская літаратура» і «Хімія» – 22 лютага.
Месца правядзення ўсіх алімпіяд, акрамя алімпіяды па матэматыцы, – г. Гродна, вул. Ажэшкі, 22 (галоўны корпус Купалаўскага ўніверсітэта). Алімпіяда па вучэбным прадмеце «Матэматыка» будзе праходзіць па адрасе: г. Гродна, вул. Леніна, 32 (корпус філалагічнага факультэта).
Рэгістрацыя ўдзельнікаў пройдзе з 10.00 да 10.30. Пачатак алімпіяды – 11:00. Працягласць кожнай канкрэтнай алімпіяды ўказана на сайце abit.by і ў Лічбавым кабінеце абітурыента.
Пры сабе ўдзельнікі абавязкова павінны мець: дакумент, які сведчыць асобу; даведку з установы адукацыі аб тым, што ўдзельнік з'яўляецца навучэнцам 11 класа і сінюю шарыкавую ручку.
Удзельнікам алімпіяды па матэматыцы неабходна мець дадатковыя пісьмовыя прылады (аловак, лінейка, гумка). На алімпіядзе па хіміі можна выкарыстоўваць найпрасцейшы калькулятар (як на ЦТ і ЦЭ).
У гэтым годзе, у адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.12.2025 № 463 «Аб удасканаленні ўступнай кампаніі», кантроль за правядзеннем рэгіянальных універсітэцкіх алімпіяд будзе ажыццяўляць дзяржаўная камісія пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра Наталлі Пяткевіч.
Даведачна: Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2025-2026 навучальным годзе ўключае 8 профільных алімпіяд па 7 вучэбных прадметах: «Біялогія», «Матэматыка», «Хімія», «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», «Англійская мова», «Руская мова. Руская літаратура» і «Беларуская мова. Беларуская літаратура». Алімпіяда па вучэбным прадмеце «Біялогія» праводзіцца для дзвюх розных груп спецыяльнасцяў: група 1 – «Дашкольная адукацыя», «Пачатковая адукацыя», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Псіхалогія», «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» і група 2 – «Біялогія», «Экалогія», «Фундаментальная і прыкладная біятэхналогія».
Усяго ў папярэдніх этапах шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2025-2026 годзе прынялі ўдзел 859 чалавек, выканаўшы 1049 алімпіяд. Навучэнцы змаглі паўдзельнічаць у папярэднім этапе некалькіх профільных алімпіяд. Расклад складаўся менавіта з улікам такіх магчымасцяў.
У папярэднім этапе адной профільнай алімпіяды прынялі ўдзел 702 чалавекі, двух – 130 чалавек, трох – 22 чалавекі, чатырох – 4 чалавекі, пяці – 1 чалавек.
Найбольш запатрабаванымі прадметамі ва ўдзельнікаў папярэдняга этапу сталі «Матэматыка» – 321 удзельнік, «Англійская мова» – 252 удзельнікі, «Біялогія» (для спецыяльнасцей факультэта біялогіі і экалогіі) – 131 удзельнік, «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» – 91 удзельнік.
Найбольшая колькасць удзельнікаў шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды была з горада Гродна – 41,39%. З Гродзенскай вобласці – 35,17%, з Брэсцкай вобласці - 9,93%, з Мінскай вобласці – 5,26%. З Гомельскай вобласці было 33 удзельнікі, з Віцебскай вобласці – 25 удзельнікаў, з Магілёўскай вобласці – 10. Адзін з удзельнікаў шматпрофільнай алімпіяды быў з Расіі.
Адзначым, што ў заключным этапе ўніверсітэцкай алімпіяды ў 2024-2025 навучальным годзе прынялі ўдзел 328 абітурыентаў, пераможцамі сталі 127 абітурыентаў: 24 заваявалі дыплом I ступені, 48 – дыплом II ступені і 55 – дыплом III ступені.
Нагадаем, у 2025/2026 навучальным годзе ў Купалаўскім універсітэце алімпіяда праводзіцца чацвёрты раз.