9 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылося адкрыццё выставы студэнцкіх плакатаў "Стоп мат". Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня барацьбы з ненарматыўнай лексікай.
У гэтым годзе на выставе студэнты факультэта мастацтваў і дызайну прадставілі свае працы, выкананыя ў 2025-2026 гадах. Работы яскрава і ў даступнай форме звяртаюць увагу наведвальнікаў на праблему выкарыстання ненарматыўнай лексікі і важнасць захавання моўнай культуры. Паглядзець экспазіцыю можна ў фае корпуса па адрасе: вул. Захарава, 32 да 19 лютага.
Праект бярэ пачатак у 2023 годзе, калі студэнты факультэта мастацтваў і дызайну ў рамках курса "Этыка і эстэтыка" пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры філасофіі Аляксандры Дубравінай стварылі свае першыя творчыя работы, прысвечаныя праблеме шырокага распаўсюджвання ў грамадстве ненарматыўнай лексікі. Натхненнем для работ паслужылі гутаркі пра маўленчы этыкет і прагляд дакументальнага фільма "Брудныя словы".
Першая выстава плакатаў адбылася ў лютым 2024 года. Яе наведалі студэнты розных факультэтаў, навучэнцы каледжаў, гімназій і школ.
Калі праект набраў папулярнасць, было прынята рашэнне зрабіць выставу перасоўнай. За 2025 год яна пабывала ва ўсіх ВНУ Гродна, у большай частцы каледжаў, а таксама ў вялікай колькасці школ і гімназій, выступаючы падставай пагаварыць аб значэнні слова ў нашым жыцці і аб усвядомленасці сказанага слова. Некаторыя ўстановы адукацыі таксама пачалі праводзіць уласныя конкурсы, найлепшыя работы якіх папаўнялі перасоўную выставу. Апроч прагляду прац, гледачы таксама мелі магчымасць прагаласаваць за лепшы плакат.
У будучыні арганізатары плануюць прадоўжыць актыўную работу з моладдзю, але ўжо ў рамках усёй краіны, а таксама выпусціць тэматычны буклет з лепшымі работамі і значкі з лепшымі слоганамі.