1 кастрычніка 2025 г. стартаваў XXXII Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў, які працягнецца да 6 сакавіка бягучага года. Арганізатарам конкурсу выступае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галаўная арганізацыя – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Мэта конкурсу – стварэнне арганізацыйных і эканамічных умоў для раскрыцця творчых здольнасцей студэнцкай моладзі, захаванне і папаўненне на гэтай аснове інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, актывізацыя навуковай работы студэнтаў, якая з'яўляецца адным з эфектыўных сродкаў павышэння якасці падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Конкурс уключае 37 навуковых секцый у 37-мі вышэйшых навучальных установах краіны. У Купалаўскім універсітэце працуе секцыя «Фізіка тэарэтычная і эксперыментальная. Фізічныя асновы стварэння опта-, мікра- і нанаэлектронных матэрыялаў, прыбораў і сістэм», старшынёй якой з'яўляецца Наталля Валько, прафесар кафедры агульнай фізікі фізіка-тэхнічнага факультэта.
Лаўрэатамі ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сталі два выпускнікі. У секцыі «Філалогія, мовазнаўства, літаратуразнаўства. Літаратура як адлюстраванне нацыянальна-духоўнага развіцця беларускага народа. Журналістыка» з работы «Спецыфіка інструментаў прасоўвання школ англійскай мовы ў сацыяльнай сетцы Instagram» лаўрэатам стала Анастасія Воўк, выпускніца Купалаўскага ўніверсітэта. Навуковы кіраўнік – Ганна Рыжковіч, дацэнт кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. У секцыі «Машынабудаванне. Механіка машын. Надзейнасць і бяспека тэхнічных сістэм» з працай «Распрацоўка канструкцыі і матэрыялу газоннай рашоткі для паркоўкі легкавых аўтамабіляў» лаўрэатам стала Аляксандра Касач, выпускніца Купалаўскага ўніверсітэта. Навуковы кіраўнік – Аляксандр Антонаў, дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій інжынернага факультэта.
З папярэднімі вынікамі конкурсу можна азнаёміцца па спасылцы, а афіцыйныя будуць вядомы ў сакавіку, пасля завяршэння конкурсу.